
У сярэдзіне лета быў надрукаваны матэрыял пра перамогу ў абласным спаборніцтве жывёлаводаў фермы Сасноўцы. І вось чарговае дасягненне працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна. На гэты раз калектыў МТФ «Пялікі» ААТ «Даватарскі» па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака сярод МТФ Віцебскай вобласці за верасень заняў другое месца.
З высокім дасягнутым вынікам работніц фермы павіншваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Гедзіён Пятровіч Буйка. Адбылося гэта ў межах дня жывёлавода, які прайшоў у той дзень (12 кастрычніка) на ферме. Са справаздачай аб эканамічных паказчыках як гаспадаркі, так і самой фермы выступілі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вольга Георгіеўна Вялічка і бухгалтар Вольга Аляксееўна Долгая. У верасні — пераможным для сябе месяцы — калектыў фермы надаіў 184 тысячы кілаграмаў малака, у сярэднім атрымліваецца 467 кг на карову.
— На нашай ферме працуе 12 асноўных і 4 падменныя даяркі, — расказвае

загадчыцца МТФ «Пялікі» Галіна Іосіфаўна Кабак. — Канечне, мы задаволеныя вынікам. Мінулы год не быў для нас надта ўдалым, а вось у гэтым нам удалося выйсці на першае месца ў гаспадарцы. На сёння найлепшыя паказчыкі ў нас па ферме ў Таццяны Рудак (надаіла 716 кг на карову), Іны Самуль, Таццяны Касарэўскай. Але калі аказаліся сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва, то значыць усе спрацавалі добра.
Цяпер дыплом аб другім месцы зойме сваё месца сярод іншых у чырвоным кутку фермы. Але дыпломы дыпломамі, а галоўнае, канечне, людзі, працай якіх яны заваёўваюцца. Давайце пералічым іх. Асноўныя аператары машыннага даення (у дадатак да названых загадчыцай фермы) Ірына Шамшур, Марыя Урбановіч, Ірына Лазовік, Святлана Адамковіч, Надзея Бялова, Мая Парпуціс, Надзея Кухто, Крысціна Лабкоўская, Наталля Парпуціс, падменныя Таццяна Каленцьева, Юлія Рачыцкая, Таццяна Рудкоўская, Іванна Палідавец.
Андрэй БУРЭЦ
