У аграгарадку Германавічы пражывае сям’я Яна Аўгусцінавіча і Зоі Уладзіміраўны Мядзельцаў. 4 жніўня гэтыя паважаныя людзі адзначаюць 55-годдзе сумеснага жыцця.
Так склаўся лёс, што абое ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяцілі педагогіцы, працавалі настаўнікамі. Зоя Уладзіміраўна нарадзілася на Міёршчыне. Пасля заканчэння школы працавала піянерважатай. Калі трапіла на працу ў Германавіцкую сярэднюю школу, сустрэла тут маладога і прыгожага настаўніка, які ёй вельмі спадабаўся. Ім аказаўся Ян Аўгусцінавіч Мядзелец.
— Я ў свой час скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, — кажа Ян Аўгусцінавіч. — Набыў адукацыю настаўніка рускай мовы і літаратуры. Дарэчы, разам са мной вучыўся і будучы намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Аўласевіч — ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна. Як землякі, мы з ім сябравалі, дапамагалі адзін аднаму ў вучобе.
Пасля заканчэння Магілёўскай ВНУ я вырашыў вучыцца далей. У 1968 годзе закончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (цяпер лінгвістычны ўніверсітэт). З 1966 па 1996 гады выкладаў у Германавіцкай СШ нямецкую мову, а таксама этыку і мастацкую культуру. Мая спадарожніца жыцця была настаўніцай матэматыкі, працавала ў групе падоўжанага дня ў малодшых класах.
Сын Генадзій прадоўжыў нашу справу. Ён працуе настаўнікам інфарматыкі ў мясцовай школе. Нявестка Вера таксама педагог Германавіцкай ДС—СШ. Радуюць сэрцы дзядулі і бабулі ўнукі Яўгеній, Уладзіслаў, пяцігадовы гарэзлівы праўнук Косця.
На святкаванні нараджэння святога Яна Хрысціцеля, якое сёлета прайшло ў аграгарадку Германавічы, старшыня мясцовага сельскага Савета Мая Якімовіч павіншавала Яна Аўгусцінавіча і Зою Уладзіміраўну з 55-годдзем сумеснага жыцця, падарыла ім памятны сувенір.
У народзе 55-годдзе сумеснага жыцця параўноўваюць з ізумрудам з-за чысціні, прыгажосці і трываласці гэтага каштоўнага каменя. Адзначыць такую дату шчасціць далёка не кожнай сямейнай пары. 55 год разам, у горы і ў радасці — вялікае дасягненне, вынік вялікай любві і вернасці. У скарбонцы такога шлюбу захоўваецца шмат жыццёвай мудрасці і ўласны рэцэпт сямейнага даўгалецця. А таму немагчыма абысці такую падзею ўвагай і не павіншаваць юбіляраў з цудоўнай датай. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і зычым Яну Аўгусцінавічу і Зоі Уладзіміраўне сустрэць брыльянтавае вяселле і яшчэ многія наступныя юбілеі сумеснага жыцця!
Сяргей РАЙЧОНАК.
