Зямля бацькоў — цудоўная зямля,
Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.
Да скону дзён і зблізку, і здаля
Табою, любы край мой, ганарымся!
Як звычайна, летам работнікі ўстаноў культуры раёна ладзяць святы аграгарадкоў, вёсак, праводзяць сустрэчы землякоў. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло і ў аграгарадку Буеўшчына ў пачатку жніўня. Арганізавалі яго загадчык мясцовага Дома народнай творчасці Наталля Кандрацьева.
Жыхары населенага пункта, іх родныя і блізкія людзі, якія пражываюць у горадзе, а ўлетку прыязджаюць у вёску на адпачынак, сабраліся на адкрытай пляцоўцы каля Дома народнай творчасці.
Вядучыя праграмы нагадалі пра гісторыю аграгарадка. Вядома, што Буеўшчына ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзяў. У той час у вёсцы пражывала больш за 200 чалавек. Мяняліся часы, мянялася і насельніцтва Буеўшчыны. На сённяшні дзень тут 71 домаўладанне і 175 жыхароў. Свае паслугі насельніцтву прапануюць прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання, Дом народнай творчасці, крама і другое.
На такіх мерапрыемствах заўсёды ўшаноўваюць сямейныя пары, якія крочаць разам па жыцці шмат год. Вось і ў Буеўшчыне павіншавалі юбіляраў. Сярэбранае вяселле адзначылі Барыс і Зінаіда Бабчонкі. Генадзій і Надзея Лаўрыновічы, Георгій і Марыя Струі. Пяцьдзясят год разам крочаць па жыцці Здзіслаў і Марыя Урублеўскія.
Арганізатары мерапрыемства не пакінулі буз увагі і імяніннікаў, хто сёлета адзначае юбілейны дзень нараджэння. А іх аказалася амаль 30 чалавек. Словы ўдзячнасці за нялёгкі клопат пра дзяцей прагучалі з вуснаў вядучых у адрас шматдзетных маці.
У любой справе, у любым калектыве заўсёды павінен быць чалавек, які будзе абараняць інтарэсы, задавальняць запыты людзей. Такім чалавекам у Буеўшчыне з’яўляецца старэйшына Рычард Аляксандравіч Будзіч, які шмат год адпрацаваў намеснікам старшыні былога калгаса “Камінтэрн”. Нягледзячы на тое, што цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку, мужчына актыўна праяўляе сваю грамадзянскую пазіцыю. У аграгарадку жыве таксама і былы старшыня Іёдскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Катовіч, да якога з вялікай павагай ставяцца аднавяскоўцы. Добрым словам успомнілі і імя Анатолія Вітальевіча Салачонка. Ён працаваў старшынёй калгаса “Камінтэрн”, затым узначальваў ААТ “Буеўшчына”. На жаль, не так даўно Анатолій Вітальевіч пайшоў з жыцця, але памяць пра яго справы, зробленыя для жыхароў Буеўшчыны і навакольных вёсак, прадаўжае жыць.
Нельга было не ўспомніць людзей, якія сваімі справамі ствараюць дабрабыт, клапоцяцца пра харчовую бяспеку як сельскіх жыхароў, так і гараджан. Гэта адносіцца да жывёлаводаў, механізатараў, вадзіцеляў, камбайнераў, паляводаў. Для іх, як і для прадстаўнікоў іншых прафесій, гучалі словы ўдзячнасці за сумленную працу, а таксама мілагучныя песні ў выкананні Алёны Багаткевіч, Мікалая Марозава, Святланы Атрашкевіч, Алесі Русецкай, Уладзіміра Радзюка. Найгрышамі на баяне ўзняў настрой гледачам выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Іван Русецкі.
Свята адбылося пры падтрымцы работнікаў устаноў культуры гарадскога пасёлка, аграгарадкоў Іёды і Радзюкі. Дапамагалі ў арганізацыі мерапрыемства адукнуліся кіраўніцтва ААТ “Буеўшчына” і вяскоўцы.
Да змяркання гучала музыка ў Буеўшчыне, а мясцовыя жыхары весела спявалі і танчылі ў той святочны дзень.
Сяргей РАЙЧОНАК.