Вадзіцель ААТ «Агратэхсэрвіс» Іван Яфімаў стаў першым у раёне «тысячнікам» на адвозе зерня

Сельское хозяйство

531 (Копировать)Як паведамляла наша газета, па стане на 1 жніўня у раёне з’явіўся камбайнер, які першым намалаціў 1000 тон зерня. Ім стаў хлебароб ААТ “Даватарскі” Юрый Ардынскі. 12 жніўня і сярод вадзіцеляў, занятых на адвозе зерня ад камбайнаў, таксама ёсць лідар. Гэта Іван Яфімаў, які працуе на грузавым аўтамабілі МАЗ-551 у ААТ “Агратэхсэрвіс”.
— Ведаеце, магчыма, што я і крыху раней дасягнуў бы паказчыка ў тысячу тон перавезенага зерня, але перашкодзілі дажджы, якія на некалькі дзён прыпынілі ўборачную кампанію, — кажа Іван. — Цяпер стаўлю перад сабой задачу да завяршэння жніва перавезці не менш за 500 тон зерня дадаткова. Галоўнае, каб было пагоднае надвор’е і не падводзіў МАЗ.
З высокімі працоўнымі дасягненнямі павіншаваць Івана прама ў поле прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Альшэўская, дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Кавалёнак і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава.
Міхаіл Барысавіч і Яся Станіславаўна ўручылі перадавому вадзіцелю дыплом і грашовую прэмію. Таццяна Мікалаеўна таксама далучылася да віншаванняў у адрас Івана, пажадала яму плённай працы і ўзнагародзіла грашовай прэміяй.
Сяргей РАЙЧОНАК.