Ужо дзясяты год запар збірае сваіх сяброў каляднае прадстаўленне-спектакль навучэнцаў нядзельнай школы прыходу праваслаўнай царквы “Усіх Смуткуючых Радасць”. Вось і сёлета на сцэне раённага Дома культуры прайшла святочная ўрачыстасць аб з’яўленні Ісуса Хрыста ў старажытным Бэтлееме. Маляўніча ўпрыгожаная сцэна з імправізаванымі яслямі была аформлена работнікамі культуры.
Адкрыў мерапрыемства біблейскай прытчай настаяцель храма “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук. Спектакль, умела і з густам пастаўлены дзецьмі, быў арганічна дапоўнены рэлігійнымі песнапеннямі хору выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Галоўнае — у дзяцей атрымалася перадаць гледачам святочны настрой. У той дзень на калядным мерапрыемстве прысутнічалі госці з Ровенскай вобласці Украіны — архімандрыт Сава і іераманах Сімяон.
Дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі пратаіерэй Пётр Бараноўскі павіншаваў усіх хрысціян, пажадаў ім любові, дабра, радасці і шчасця, поспехаў і ўдачы, моцнага здароўя, спаўнення мар і ажыццяўляння жаданняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
