Конкурс прафмайстэрства сярод маладых спецыялістаў ва УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ»

Актуальное

Напрыканцы снежня ва УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» прайшоў конкурс прафмайстэрства сярод маладых спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. Пра тое, як ён праходзіў і хто стаў лепшым, нам расказала спецыяліст па працы з моладдзю Алена Курыловіч:

— Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 5 маладых спецыялістаў: урач-педыятр Вольга Гарошкава, доктар агульнай практыкі Святлана Лутохіна, хірургі Павел Качан і Аксана Селіванава, участковы тэрапеўт Аляксей Каралько. У склад журы ўвайшлі: намеснік галоўнага ўрача Мікалай Валянцінавіч Манкевіч, намеснік галоўнага урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Марына Мікалаеўна Вашкель і галоўная медсястра ЦРБ Валянціна Уладзіміраўна Хаданёнак. Перад тым, як распачаць конкурс, правялі аналіз анкетавання сярод пацыентаў. Пасля падвядзення яго вынікаў пачаўся сам конкурс. Канкурсантам трэба было паказаць візітную картку, прайсці тэсціраванне па санэпідрэжыму, неадкладнай дапамозе, прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, гепатытаў і выканаць практычнае заданне. Дадатковыя балы можна было атрымаць за вядзенне здаровага ладу жыцця (на працу і з працы толькі пешшу, правільнае харчаванне, адсутнасць шкодных звычак). Пераможцай стала Аксана Селіванава. Атрымаўшы дыплом доктара-хірурга, яна была накіравана ў Шаркаўшчынскі раён, дзе працуе ўжо другі год.

— Мяне прыёмы і пацыенты не стамляюць, чым заблытаней сітуацыя ў пацыента, тым больш цікава адшукаць ісціну і паставіць правільны дыягназ, — прызналася Аксана Уладзіміраўна.

Пасля конкурсу старшыня прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Валянціна Уладзіміраўна Хаданёнак арганізавала для ўдзельнікаў салодкі стол.

— Для маладых спецыялістаў такое мерапрыемства — шанс выявіць свае таленты, майстэрства, эрудыцыю, а для адміністрацыі — магчымасць вызначыць рэзерв кадраў для будучай працы, — падвёў вынік конкурсу Мікалай Манкевіч.

Падрыхтавала Марына ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *