Павіншавалі з юбілеем Аліну Сільмановіч былыя калегі па рабоце

Актуальное

юбілярка з мужам Паўлам Уладзіміравічам і былымі калегамі

16 студзеня шаркаўчанка Аліна Уладзіміраўна Сільмановіч цэлы дзень прымала віншаванні. А справа ў тым, што ў гэты дзень яна святкавала 60-гадовы юбілей. Родныя, сябры, суседзі спяшаліся павіншаваць юбілярку з дасягненнем важнага жыццёвага рубяжа. Сярод іншых са словамі віншавання звярнуліся былыя калегі з кансервава-агароднінасушыльнага завода, на якім Аліна Уладзіміраўна працавала эканамістам з 1976 года да выхаду на пенсію ў 2008 годзе. Старшыня прафсаюзнага камітэта Алена Бенядзіктаўна Лаўрыновіч, спецыяліст па прававой і кадравай рабоце Франц Вячаслававіч Юшкевіч, былы намеснік галоўнага бухгалтара Галіна Альфрэдаўна Перхуровіч пажадалі юбілярцы шчасця, здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Прыемна было ёй, што на былым працоўным месцы не забылі. Ды ўвогуле, прыемна прымаць столькі віншаванняў. “Значыць не дарма жыццё пражыла, значыць нечага вартая, калі памятаюць людзі,” — кажа юбілярка.

Пасля выхаду на пенсію ўсе сілы і энергію Аліна Уладзіміраўна  накіравала на хатнюю гаспадарку і прысядзібны ўчастак. У іх з мужам Паўлам Уладзіміравічам прыгожы вялікі дом, які патрабуе шмат клопату. Любіць гаспадыня працаваць на зямлі і радуецца плёну сваёй працы. Сёлета адных толькі клубніц яна назбірала 14 вядзёр. Красуецца на ўчастку шмат кветак, бо, як кожнай жанчыне, хочацца, каб было прыгожа. А вечарамі, калі ўсе справы зроблены, можна і пачытаць.

Радуюць бацькоў сваімі поспехамі дзеці (іх двое) і тры ўнукі.

Такім чынам, падводзячы вынікі пройдзенага этапу жыцця, Аліна Уладзіміраўна мае ўсе падставы, сказаць, што ён пражыты не дарма.

Андрэй БУРЭЦ.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *