Старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Ярома ўзнагародзіла механізатара ААТ “Буеўшчына” Алега Падобу

Сельское хозяйство

287 (Копировать)З механізатарам ААТ “Буеўшчына” Алегам Падобам мы неаднаразова сустракаліся ў полі. Працуе ён на трактары “Беларус” МТЗ-82. Якую б работу Алегу ні даручылі, ён яе выконвае эфектыўна і сумленна. Вось і сёлета засеяў ажно 934 гектары азімых збожжавых культур у счэпе з сеялкай СЗТ-5,4. Дарэчы, гэты паказчык з’яўляецца лепшым не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці.
Павіншаваць механізатара з працоўнымі дасягненнямі ў гаспадарку прыехала старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Анатольеўна Ярома. Яна ўручыла дыплом і каштоўны падарунак. Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, намеснікі кіраўніка ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат і Станіслаў Хашкоўскі.
— Пасля сяўбы я займаўся уздымам зябліва, — кажа Алег Казіміравіч. — І цяпер, калі прыйшла зіма, я без працы ніводнага дня не бываю. Мы нарыхтоўваем дзелавую драўніну ў Полаўскім лясніцтве для патрэб гаспадаркі.
Дарэчы, Таццяна Анатольеўна Ярома наведала іншыя гаспадаркі, дзе павіншавала перадавікоў сельгасвытворчасці. Пра гэта мы раскажам у бліжэйшых нумарах раённай газеты.
Сяргей РАЙЧОНАК.