Два гады праслужыў у Афганістане Валянцін Міхайлавіч Куклін

Актуальное

Выпіска з загаду ад 26 снежня 1979 года № 359:

“…26 декабря 1979 года часть в полном составе прибыла на территорию Республики Афганистан. В том числе: капитан, заместитель командира батальона по политической части Куклин Валентин Михайлович…». Так пачалася, як і для тысяч савецкіх салдат, неаб’яўленая афганская вайна для гвардыі капітана Кукліна.

—    Перадыслакацыя асабовага і афіцэрскага саставу для нас не была нечаканасцю, — кажа Валянцін Міхайлавіч. — За паўгода да пачатку афганскай кампаніі нас, афіцэраў, ужо камандзіравалі ў гэтую рэспубліку для азнаямлення і вывучэння мясцовасці. Першапачатковай нашай задачай быў захоп аэрадрома ў г. Баграм і далейшае яго кантраляванне.

За час службы ў Афганістане давялося пабываць у шматлікіх яго гарадах, кішлаках, удзельнічаць у баявых дзеяннях па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Штодзённых баявых сутычак не было. Спачатку групы праводзілі разведку на мясцовасці. А затым, калі выяўляліся кагорты душманаў-баевікоў, нашай задачай была іх поўная ліквідацыя. Невыносная спякота, пастаянная смага і недахоп вады адмоўна сказваўся на фізічным стане арганізма, асабліва маладых салдат. Наогул, маладому папаўненню ваенных тэрміновай службы забаранялася прымаць удзел у ваенных дзеяннях на працягу першых трох—чатырох месяцаў. Для гэтага патрэбны былі вопыт, спецыяльная фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка. Бо даражылі жыццём кожнага салдата. За больш чым два гады, што я аддаў службе ў Афганістане, на вачах гінулі таварышы, саслужыўцы. На паўтаракіламетровай вышыні душманамі быў збіты наш ваенна-транспартны “ИЛ-76”, на борце якога знаходзіліся два запраўленыя бензавозы і, што асабліва горка ўспамінаць, людзі — 49 ваеннаслужачых і членаў экіпажа.

З баявым афіцэрам, якім з’яўляецца гвардыі падпалкоўнік Валянцін Міхайлавіч Куклін, размаўлялі мы больш за гадзіну. Чыталі граматы, падзячныя лісты, гарталі старонкі фотаальбомаў афганскай пары. Успаміны аб вайне трывожылі яго і хвалявалі. Але ж сентыментальнасць засталася недзе ў баку, калі Валянцін Міхайлавіч пажадаў усім, хто прайшоў афганскае пекла, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Выказаў жаданне, каб былыя воіны-афганцы як мага больш расказвалі падрастаючаму пакаленню аб сваіх ратных подзвігах, выхоўвалі іх патрыётамі сваёй краіны.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *