Таццяна Білюк: абаяльная жанчына і сумленны праваахоўнік, якая служыць у раённым дэпартаменце аховы

Информирует РОВД

Большасць мужчын упэўнена скажа: “Не жаночая гэта справа — пагоны на плячах насіць”. Аднак прадстаўніцы супрацьлеглага полу знойдуць свае аргументы. Напярэдадні свята 8 Сакавіка мы пагутарылі з прапаршчыкам Шаркаўшчынскага аддзялення дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Таццянай Білюк, якая расказала, што ёй дапамагае дакладна выконваць свае службовыя абавязкі і пры гэтым заставацца прывабнай і абаяльнай дзяўчынай.—

Таццяна, скажыце, калі ласка, як Вы трапілі ў прафесію?

— Нарадзілася і вырасла я ў Оршы. Пасля заканчэння школы набыла кваліфікацыю эканаміста ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пры гэтай жа навучальнай установе скончыла магістратуру. Пэўны час па размеркаванні працавала па спецыяльнасці ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Але заўсёды побач са мной была мара — служыць у сілавых структурах, насіць на плячах пагоны. Неяк у размове з сяброўкай тая мне сказала: “Калі хочаш, каб твая мара стала рэальнасцю, ідзі ўпўненым крокам да яе рэалізацыі”. Гэты выраз і стаў штуршком для маіх далейшых дзеянняў. Пасля доўгіх пошукаў магчымасці працаўладкавацца на службу ў органах унутраных спраў у Мінску мне надарылася такая магчымасць. Гэта было аддзяленне дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Савецкага раёна нашай сталіцы. Несці службу там я пачала з 5 лістапада мінулага года.

— Так, зразумела. А якім чынам Вы трапілі ў Шаркаўшчыну?

— Гэта асобная тэма. У пачатку маёй службы ў сталіцы нас, маладых супрацоўнікаў не толькі з горада Мінска, але і з іншых раённых дэпартаментаў аховы краіны, накіроўвалі ў цэнтр першапачатковай падрыхтоўкі. Там я пазнаёмілася з шаркаўчанінам Іллёй Білюком, які таксама праходзіў курс падрыхтоўкі. Паміж намі завязалася дружба, якая перарасла ў светлае ўзаемнае пачуццё — каханне. Пасля заканчэння падрыхтоўкі мы пайшлі ў водпуск і паехалі да маіх родных у Оршу. Там Ілля зрабіў мне прапанову стаць яго спадарожніцай жыцця. На наступны дзень мы падалі заяву ў ЗАГС і літаральна праз тыдзень афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны. Такім чынам я і апынулася на малой радзіме свайго мужа, які, дарэчы, таксама служыць у раённым дэпартаменце аховы.

— Ці падабаецца Вам наша Шаркаўшчына?

— Шчыра скажу, што вельмі падабаецца. Прыгожы, гасцінны і ўтульны гарадскі пасёлак. Навокал жыццярадасныя людзі, няма той мітусні, якая назіраецца ў вялікіх гарадах. Тут павольнае і размеранае жыццё. Я ніколькі не шкадую, што жыву і працую менавіта тут.

— Вы займаеце пасаду вартаўніка на посце аховы райвыканкама. Ці складаная гэта служба?

— Ведаеце, калі падыходзіць з усёй паўнатой адказнасці да даручанай справы, то любая работа будзе прыносіць задавальненне. Гэта асабіста маё меркаванне. Калі я прыйшла служыць на гэту пасаду, з абавязкамі мяне азнаёміў прапаршчык Аляксандр Заблоцкі, які некалькі год адпрацаваў менавіта тут. Паступова, дзень за днём, я ўвайшла ў курс спраў.

— Таццяна, набліжаецца першае вясенняе свята — Дзень жанчын. Чаго асабіста Вы чакаеце 8 сакавіка?

— Гэта свята кахання, доўгачаканай вясны, яркага сонца, прыгожых кветак. Менавіта такім — светлым і натхняльным — мы, жанчыны, і чакаем яго кожны год.

— Дзякуй за гутарку. Са святам Вас, Таццяна!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.