Сваё прафесійнае свята адзначае УКП ЖКГ

Актуальное

кіруе новенькім МТЗ-1221 трактарыст Андрэй Лук'янёнак

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў камунальнай гаспадаркі мы пагутарылі з дырэктарам УКП ЖКГ Валянцінам Францавічам Букам, які расказаў пра работу прадпрыемства ў мінулым годзе, планы на гэты, асноўныя накірункі дзейнасці, лепшых працаўнікоў і іншае.

— Валянцін Францавіч, арганізацыя, якую вы ўзначальваеце, з’яўляецца адной з самых вялікіх і адказвае за многія сферы жыцця гарадскога пасёлка і раёна. Раскажыце, што было зроблена ў мінулым годзе?

— Сапраўды, камунальнікі занятыя ў 13 галінах дзейнасці. Напрыклад, у мінулым годзе намі праводзіўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй жылых дамоў па вуліцах Маладзёжная, 36, Чырвонадворская, 55/1, Кастрычніцкая,9, праведзены цякучы рамонт вуліц гарадскога пасёлка, рэканструкцыя каналізацыйна-помпавай станцыі №3 Халаева, выкананы капітальны рамонт з мадэрнізацыяй 1,6 км цеплавых сетак кацельні мікрараёна ПМК-68, падрыхтаваны міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў населеных пунктаў Дзікева, Лужкі, Савуткі. Ну і, канечне, не трэба забываць пра пастаянную работу па добраўпарадкаванні, рамонце жыллёвага фонду, ачыстцы ад снегу, уборцы і іншых відах дзейнасці,  якімі традыцыйна займаюцца камунальнікі.

— Раскажыце пра планы на гэты год.

— Асноўным накірункам з’яўляецца рэалізацыя праекта «Водазабеспячэнне г.п. Шаркаўшчына» — будаўніцтва 3-6-ай і завяршэнне 7-ай чаргі. Запланаваны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй цеплавых сетак кацельні мікрараёна ПМК-51, капітальны рамонт жылых дамоў па вуліцах Кастрычніцкая, 9 і Чырвонадворская, 70. На капітальны рамонт плануецца закрыць лазню гарадскога пасёлка.

— 2013 год праходзіць пад знакам беражлівасці. Што робіцца ў вас у гэтым накірунку?

калектыў кацельні мікрараёна ДБУ-26, якая ўносіць значны ўклад у выкананне паказчыкаў па выкарыстанні мясцовых відаў паліва, (злева направа) Аляксандр Іваноў, Віктар Панізнік, Генадзь Каланда, Аляксандр Смірноў, Мікалай Лаўрыновіч

— Хачу адзначыць, што не толькі ў гэты год, але пастаянна шукаем спосабы эканоміі сродкаў. Адзін з асноўных шляхоў — мадэрнізацыя аб’ектаў камунальнага прызначэння, замена састарэлага стратнага абсталявання. Напрыклад, правялі рэканструкцыю КПС №3 Халаева, што дазволіла перавесці яе работу ў аўтаматычны рэжым. Рэканструкцыя кацельні КАСЗ (замена трансфарматараў, устаноўка частотных ператваральнікаў на рухавікі) дазваляе эканоміць электраэнергію і газ. Увогуле, стараемся замяняць абсталяванне на нашых аб’ектах на менш энергаёмістае. За мінулыя 7 год заменена 9,2 км зношаных цеплавых сетак, што таксама дазваляе скараціць страты. Пастаянна абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства: нядаўна набылі два трактары «Беларус», бульдозер, аўтамабіль Газ-66, паўпрычэп лесавозны з гідраманіпулятарам і іншае. Гэта дазваляе асвойваць новыя віды работ, адпавядаць патрабаванням часу.

— Ва УКП ЖКГ — адзін з самых вялікіх калектываў у раёне. Назавіце, калі ласка, лепшых.

майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Кожух узнагароджаны граматай абласнога ўпраўлення ЖКГ

— Наш калектыў налічвае каля 300 чалавек. Адказных работнікаў, якія прафесійна спраўляюцца са сваімі абавязкамі, у нас многа. Таму адзначым тых, хто найлепш праявіў сябе ў мінулым годзе. Вадзіцель пагрузчыка Святаслаў Паўловіч стаў «Чалавекам года Шаркаўшчыны», граматай упраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама былі ўзнагароджаны майстар па добраўпарадкаванні  Мікалай Кожух і вадзіцель Сяргей Ракітка, граматамі райвыканкама — аператар кацельні ПМК-51 Раман Кісель, рабочая лазні Лідзія Жынгель. Падзякі райвыканкама атрымалі вадзіцель Уладзімір Рашэтнікаў, цясляр-столяр Генадзь Матузаў, дыспетчар Ірына Краснікава. На Дошку гонару райвыканкама занесены вадзіцель смеццявоза Георгій Ваштаёнак. Ёсць у нас і свая Дошка гонару, на якой прадстаўлены лепшыя работнікі. Нельга ў святочны дзень не ўзгадаць нашых ветэранаў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў камунальнай службе — Яўгеній Іванавіч Янчык, Уладзіслава Фёдараўна Аксючыц, Афанасія Пятроўна Каралёва, Алена Пятроўна Пачопка, Анатолій Аляксандравіч Шычко, Валянціна Мікалаеўна Гарбуз, Таццяна Міхайлаўна Хіхіч, Міхаіл Сяргеевіч Манкевіч, Ананій Нікадзімавіч Седзюкевіч, Соф’я Усцінаўна Лаўрыновіч, Ала Мікалаеўна Фёдарава, Галіна Васільеўна Шастакова, Вера Веніямінаўна Свілёнак, Зінаіда Іванаўна Цітовіч і іншыя.

— Валянцін Францавіч, вашы пажаданні з нагоды прафесійнага свята.

— Віншую прадстаўнікоў нашага калектыву, жадаю здароўя, дабрабыту, шчасця. На нашы плечы ўскладзены няпростыя задачы, мы выконваем вялікі аб’ём работы і, думаю, у далейшым будзем дастойна спраўляцца.

Гутарыў Андрэй БУРЭЦ.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Сваё прафесійнае свята адзначае УКП ЖКГ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *