Раённы пракурор Валерый Дайлідзёнак расказвае пра гісторыю і работу пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна

Общество

Сёлета органам пракуратуры Рэспублікі Беларусь спаўняецца 100 год. Гэта з’яўляецца выдатнай нагодай расказаць чытачам пра калектыў работнікаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, успомніць ветэранаў.
— Пракуратура Шаркаўшчынскага раёна вядзе свой адлік з моманту стварэння раёна 15 студзеня 1940 года. У 1962 годзе раён быў скасаваны, а ў 1966 годзе адноўлены ў сённяшніх межах, — кажа пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Міхайлавіч Дайлідзёнак. — Сённяшні калектыў работнікаў я ўзначальваю з кастрычніка 2020 года. У органах пракуратуры служу з 2006 года. Да пераводу ў Шаркаўшчыну з’яўляўся намеснікам пракурора Глыбоцкага раёна.
Аляксандр Паўлавіч Свяцкі, які займае пасаду майго намесніка, пачынаў сваю працоўную дзейнасць больш за 15 год назад на пасадзе следчага. Самы малады пракурорскі работнік — памочнік пракурора Міхаіл Алегавіч Кучэрын. Ён у органах пракуратуры з 2015 года. Абодва яны працуюць старанна і сумленна, няма ніякіх нараканняў на выкананне імі службовых абавязкаў.
Безумоўна, зладжаная работа пракуратуры раёна была б немагчыма і без людзей, якія ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне. Слоў шчырай удзячнасці заслугоўвае загадчыца канцылярыі Вера Генадзьеўна Рабіза, якая працуе на гэтай пасадзе больш за 35 год. Таксама ў нашым калектыве на працягу 23 год працуе вадзіцелем аўтамабіля яе муж Мікалай Канстанцінавіч Рабіза.
Дзякуючы працавітасці ўборшчыцы службовых памяшканняў Рыты Ігнацьеўны Ліпскай у кабінетах пракуратуры заўсёды чыста, утульна і камфортна.
Калі паглыбіцца ў гісторыю існавання пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, трэба ўзгадаць, хто яе ўзначальваў у розныя часы. З 1966 па 1971 гады пракурорам з’яўляўся Цімафей Раманавіч Пакура, з 1971 па 1983 гады — Віктар Канстанцінавіч Бурнос, на гэтай пасадзе яго змяніў Зыгмунд Сігізмундавіч Стацэвіч, які працаваў да 1997 года, Уладзімір Уладзіміравіч Байданаў працаваў на пасадзе пракурора Шаркаўшчынскага раёна з 1997 па 1998 гады, На працягу наступных шасці гадоў пракуратуру ўзначальваў Георгій Аляксандравіч Каранько (у будучым ён стаў намеснікам пракурора Віцебскай вобласці), у 2004 годзе на змену яму прыйшоў працаваць Ігар Уладзіміравіч Ластоўскі, у 2006—2011 гадах прокурорам быў Дзмітрый Анатольевіч Статкевіч, а з 2011 па 2020 — Андрэй Барысавіч Вецюгоў.
Кожны з кіраўнікоў пракуратуры ўнёс значны ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку на паднагляднай тэрыторыі.
Больш за 30 год у органах пракуратуры адпрацавала Лена Казіміраўна Драгель. Яна ўзнагароджана медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені, таксама з’яўляецца “Заслужаным работнікам пракуратуры Рэспублікі Беларусь”.
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў пракуратуры і 100-годдзя органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь — жадаю сваім калегам, ветэранам і тым, хто звязаў сваё жыццё са службай у органах пракуратуры нашай краіны, здароўя, поспеху ва ўсіх пачынаннях, здзяйснення самых запаветных мар і жаданняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Алены АНАНІЧ