26 лістапада ў Зоркаўскім сельскім клубе работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Ельня-Агра” падвялі вынікі сельскагаспадарчага года. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства граматамі, каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі адзначыла перадавікоў вытворчасці.
Са словамі віншаванняў да аграрыяў гаспадаркі звярнуўся намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч. Міхаіл Мікалаевіч выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім работнікам сельгаспрадпрыемства, якія прыкладаюць максімум намаганняў, каб гаспадарка ў сённяшніх складаных эканамічных умовах мела фінансавую стабільнасць і станоўчыя вытворчыя паказчыкі.
У сельгаспрадпрыемстве працуюць 85 работнікаў. На жаль, тэндэнцыя змяншэння кадраў з кожным годам расце. У сваёй большасці гэтаму садзейнічаюць аб’ектыўныя фактары. Частка насельніцтва мяняе месца жыхарства, некаторыя адпраўляюцца на заслужаны адпачынак, а вось прытоку працаўнікоў амаль няма. Нягледзячы на гэта невялікі, але згуртаваны калектыў гаспадаркі працуе на станоўчы вынік.
Сёлета тут сабралі 2912 тон зерневых культур, што больш мінулагодняга паказчыка на 805 тон. На 139 тон больш чым у 2021 годзе тут намалацілі зерня рапсу. Сёлета яго вага склала 365 тон.
На раённых “Дажынках” гаспадарка была ўзнагароджана Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама за занятыя першае месца ў раёне па вытворчасці рапсу і другое месца па вытворчасці зерня. На раённай урачыстасці да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК сельгаспрадпрыемства адзначана Ганаровай граматай райвыканкама за першыя месцы па вытворчасці мяса і кармоў.
У гаспадарцы налічваецца 1614 галоў буйной рагатай жывёлы або 103 працэнты да мінулагодняга перыяду. Дойны статак складае 610 галоў кароў.
За 10 месяцаў бягучага года валавы надой малака склаў 2061 тону. У сярэднім ад адной каровы атрымана 3396 кілаграмаў малака. 95,4 працэнта гэтага прадукту рэалізавана на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам “экстра”. А гэта найлепшы паказчык у раёне.
Сярэднясутачная прывага жывёлы па раёне склала 425 грамаў, а ў ААТ “Ельня-Агра” гэты паказчык дасягнуў 546 грамаў і толькі на 4 грамы саступіў паказчыку суседняй гаспадаркі ААТ “Княж”. Вырашчана 118 тон буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе, што складае 103 працэнты да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэалізавана дзяржаве 120,6 тон БРЖ.
Найбольшы прырост выручкі ад сельскагаспадарчай прадукцыі таксама ў гэтай гаспадарцы. У параўнанні з мінулагоднім паказчыкам ён павялічыўся на 30 працэнтаў. Усё гэта дазваляе выплочваць работнікам дастойную заработную плату. Сярэдні яе памер у гаспадарцы складае 1110 рублёў. Сельгаспрадпрыемства не мае фінансавых запазычанасцей перад дзяржаўнымі структурамі.
У гаспадарцы не хвалююцца наконт недахопу кармоў для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. У сярэднім тут нарыхтавана 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву БРЖ. У наяўнасці — сена, сянаж, сілас, канцэнтраты, фураж.
Ужо сёння пад будучы ўраджай закладзена трывалая аснова. Завершана сяўба азімых зерневых культур, якія занялі 615 гектараў, пасеяна 138 гектараў рапсу. На 505-гектарнай плошчы праведзены ўздым зябліва. Цяпер наперадзе — рамонт тэхнікі, падрыхтоўка яе да вясенняй пасяўной кампаніі.
Міхаіл Мікалаевіч на сцэне ўручыў граматы і грашовыя прэміі лепшым работнікам, дзякуючы якім гаспадарка ўстойліва трымаецца фінансава і эканамічна. Прафсаюзны камітэт таксама не застаўся ў баку. Кіраўніцтва пярвічнай арганізацыі ўзнагародзіла юбіляраў каштоўнымі падарункамі.
А працягам мерапрыемства стала канцэртная праграма, з якой да зоркаўскіх аграрыяў завіталі работнікі ўстаноў культуры з Шаркаўшчыны. У іх выкананні гучалі вясёлыя песні, дзе самадзейныя артысты ўслаўлялі рупную працу вяскоўцаў.
На выхадзе з клубнай установы я задаў кіраўніку гаспадаркі пытанне: “У чым заключаюцца поспехі вашага сельгаспрадпрыемства і людзей, якія тут працуюць?”. На гэта мне Міхаіл Мікалаевіч адказаў: “Поспех заключаецца ў дастойных заробках, у стараннай і сумленнай працы, у любові да роднай зямлі”.
Сяргей РАЙЧОНАК.