Рэха вайны ўсё гучней адгукаецца ў грамадстве. Тэма генацыду ў апошні час вельмі актуальная. А ўсё таму, што ў заходніх краінах ідзе працэс адраджэння нацызму, яго гераізацыя і спробы рэабілітацыі. На гэту тэму мы пагутарылі з пракурорам Шаркаўшчынскага раёна Валерыем Дайлідзёнкам.
— Валерый Міхайлавіч, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь займаецца тэмай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раскажыце нам, якая работа праводзіцца ў дадзеным накірунку праваахоўнымі органамі краіны?
— Тэрмін “генацыд” азначае знішчэнне людзей вызначанай нацыі, этнасу, расы або рэлігіі. У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, выдалення белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У цяперашні час Генеральная пракуратура нашай краіны вядзе следства. Пачаты крымінальны працэс, накіраваны на выяўленне канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойства мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў лагерах смерці і гета, масавы вываз грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства.
— Што прадугледжвае Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”, які быў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам 5 студзеня 2022 года?
— Законам прадугледжана юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, здзейсненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у гэты перыяд.
Адначасова прадугледжана крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў сродках масавай інфармацыі або ў Інтэрнэце.
Рэалізацыя Закона не дазволіць скажаць вынікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама будзе садзейнічаць згуртаванасці беларускага грамадства.
— Якая работа праводзіцца ў дадзеным накірунку ў нашым раёне?
— Як уся Беларусь у цэлым, так і наш Шаркаўшчынскі раён у гады вайны на сваёй тэрыторыі перажыў два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як часткі ўсходніх славян.
Выяўлена, што ўжо з першых дзён вайны на тэрыторыі нашага раёна гітлераўцамі была пачата планамерная работа па знішчэнні мясцовага насельніцтва.
У межах расследавання крымінальнай справы праводзіцца карпатлівая работа па фіксацыі інфармацыі ад відавочцаў тых падзей і іх родных. Вывучаны значны аб’ём архіўных дакументаў.
— Ці выяўлены ў нас раней невядомыя месцы знішчэння насельніцтва?
— Такая інфармацыя ўстаноўлена. У Шаркаўшчынскім раёне на сённяшні дзень выяўлены 4 месцы масавых забойстваў і пахавання грамадзянскага насельніцтва. Па першапачатковых дадзеных, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна падчас правядзення карных аперацый нацыстамі былі знішчаны, у тым ліку з насельніцтвам, 33 населеныя пункты. Пры гэтым атрыманы дадатковыя звесткі пра населеныя пункты, інфармацыі аб знішчэнні якіх раней не было. Ужо цяпер можна меркаваць, што такіх вёсак і хутароў больш за 40.
— Дзякуй, Валерый Міхайлавіч, за прадастаўленую для нашых чытачоў інфармацыю.
Мы заўсёды павінны памятаць і разумець, што на нашым баку гістарычная праўда, якую ўсе мы абавязаны ў існуючых абставінах абараняць з мэтай зберажэння міру і далейшага развіцця нашай дзяржавы.
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
