Нашы вядомыя землякі. Член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Георгіевіч Майсяёнак

Актуальное

У рэдакцыю раённай газеты свой матэрыял пра члена-карэспандэнта НАН Беларусі, прафесара Андрэя Георгіевіча Майсяёнка, нашага земляка, даслаў К. А. Кожан з в. Германавічы. Вось што ён піша:

“Споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння А. Г. Майсяёнка, доктара біялагічных навук, прафесара, аднаго з вядучых вучоных у галіне нутрыцыялогіі нашай краіны. Андрэй Георгіевіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў Глыбокім. Яго бацька Георгій Нікіфаравіч працаваў хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Шаркаўшчыне і Варапаеве. Маці Антаніна Фёдараўна паходзіла з в. Астаноўка нашага раёна, працавала настаўніцай біялогіі ў Лужках і на Пастаўшчыне. Пражывалі спачатку Майсяёнкі ў Шаркаўшчыне на кватэры ў Дубашынскіх, бацькоў народнага артыста Беларусі П. Дубашынскага. У 1948 годзе Георгія Нікіфаравіча перавялі на працу ў Дунілавіцкую бальніцу, што месцілася ў Варапаеве.

Паколькі бацька быў урачом-хірургам, а маці настаўніцай біялогіі, гэта ў многім абумовіла далейшы жыццёвы шлях іх сына Андрэя. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Варапаеўскай СШ у 1959 годзе ён паступае ў Гродзенскі медінстытут, які заканчвае з “адзнакай”, а пасля і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе. У 1970 годзе пачаўся шлях Андрэя Георгіевіча Майсяёнка ў акадэмічную навуку. Праз год ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў на розных пасадах ад кіраўніка лабараторыі Гродзенскага медінстытута да галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

У 1997 годзе А. Г. Майсяёнак абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце біяхіміі. Ён вядомы як вядучы спецыяліст у вобласці вывучэння абмену біяхімічных функцый пантатэнавай кіслаты. З’яўляецца аўтарам шырока вядомых манаграфій па дадзенаму пытанню, ініцыятар правядзення міжнародных сімпозіўмаў. Супрацоўнікамі і вучнямі А. Г. Майсяёнка абаронена 4 доктарскіх і 19 кандыдацкіх дысертацый. З-пад яго пяра выйшлі 450 навуковых работ і 20 аўтарскіх пасведчанняў па вынаходніцтву.

З даўняга хобі заняткаў гісторыі медыцыны вырасла захапленне краязнаўствам. Андрэй Георгіевіч прымаў удзел у канферэнцыях памяці Я. Драздовіча ў Германавічах. Займаўся даследаваннем жыцця і дзейнасці вандроўнага мастака, устанавіў дату і абставіны яго смерці. Прафесар Майсяёнак быў старшынёй аргкамітэта Міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытанняў у Лідзе (1993 г.). З’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускага фонду імя Адама Міцкевіча.

А. Г. Майсяёнак часта наведвае Шаркаўшчынскі раён. Тут жылі і працавалі яго бацькі. У гарадскім пасёлку на ракаўскіх могілках яны і пахаваны. Наша зямля блізкая для Андрэя Георгіевіча яшчэ і тым, што ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да адкрыцця музея культуры і быту ў в. Германавічы.

Шмат чаго можна паведаць пра А. Г. Майсяёнка — чалавека энцыклапедычных ведаў, выдатнага вучонага і краязнаўцу. Пажадаем яму поспехаў у здзяйсненні творчых планаў, падрыхтоўцы навуковай змены, дабрабыту і здароўя!”.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *