
Грамадскі статак гаспадарак раёна практычна паўсюдна ўтрымліваецца на добрай пашы. Праўда, першае страўліванне ўчасткаў заканчваецца і трэба арганізоўваць падкос рэшткаў травы. Аднак не ўсюды гэта работа праводзіцца. Пацікавіліся, як арганізавана пасьба дойнага статка ў ААТ “Агратэхсэрвіс”.
Завіталі ў час абедзеннай дойкі на пашу аддзялення Ручай. Паміж лесам і фермай вялікі ўчастак, адведзены для пасьбы гурта, у якім утрымліваецца звыш 240 кароў. Каля іх пасвяцца 15 цялятак да 20-дзённага ўзросту.
Каровы хадзілі па густой траве і, як паведаміла загадчыца фермы Клаўдзія Пятроўна Бялевіч, у пачатку ўчастка распачалі падкос нез’едзеных рэшткаў. Пасля чарговай падкормкі мінеральнымі тукамі і пры дастатковай вільгаці ў глебе, там хутка пачне адрастаць атава.
Дарэчы, загадчыца фермы прыехала на поле разам з даяркамі на трактарным прычэпе, абсталяваным для перавозкі людзей. Механізатар Уладзімір Кабак не толькі выконвае транспартныя работы, а і прыводзіць у дзеянне даільную ўстаноўку.

Распачалося даенне кароў, якія прызвычаіліся займаць месцы ў дойках, бо іх “заманьвае” камбікорм у кармушках, які насыпаюць даяркі. Каб захаваць якасць атрыманай прадукцыі, даяркі выканалі ўсе падрыхтоўчыя работы.Сталі напаўняцца бітоны духмяным сырадоем. Аператыўна, адна за адной, падносілі напоўненыя малаком вёдры Людміла Клімза, Леакадзія Клакоўская, Ірына Маляўка, Святлана Аляксеева. На дойку павінна затрачвацца не больш за дзве гадзіны. Тым часам пастухі — браты Леанід і Анатолій Латышонкі — пры дапамозе электрапастуха адгароджвалі новы ўчастак для пасьбы пасля дойкі. Работа арганізавана так, што на наступныя суткі іх заменяць Уладзімір Грыгаровіч і Аляксандр Вялічка. Дарэчы, іх заробак залежыць ад колькасці малака, надоенага даяркамі. Значыць, і пашу яны павінны адводзіць добрую.
Сутачны надой па ферме ў той дзень склаў 3430 кілаграмаў малака. На карову атрымліваецца па 14,5 кілаграма.
Трэба сказаць, што гэта ферма не з лепшых па гаспадарцы. На 10 чэрвеня надой малака на карову па сельгаспрадпрыемстве склаў 16 кілаграмаў. А ў мінулым годзе за такі ж перыяд гэты паказчык быў вышэйшы. Значыць, ёсць нявыкарыстаныя рэзервы і над чым працаваць тутэйшым жывёлаводам. Трэба ўлічваць, што толькі пры пасьбе статка па багатым травастоі, можна мець добрыя надоі і ліквідаваць дапушчаныя пралікі ў стойлавы перыяд.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
