Вялікую цікавасць у прысутных у час святкавання 510-годдзя Шаркаўшчыны выклікала калектыўнае пано “Шаркаўшчынскі абярэг”. 39 асобных творчых работ, якія прадстаўлялі сабой карціны-квадрацікі, былі сшыты ў адзін дыван даўжынёй восем і шырынёй амаль два метры. Кожны выканаўца праявіў сябе, як творчая, неардынарная, з неабмежаванай фантазіяй асоба. Майстрыцы імкнуліся ўкласці ў гэту цікавую справу частачку сваёй душы, выказаць любоў да малой радзімы. Першай на прапанову паўдзельнічаць у праекце стварэння абярэга адклікнулася Лілія Міхайлаўна Цітовіч з Іёд. “Добрай раніцы, Шаркаўшчына”, — такімі словамі вітала шаркаўчан Алена Мікалаеўна Дзягцяр на сваёй, звязанай шыдэлкам, сурвэтцы. Выяву ранейшага касцёла вывязала Алена Антонаўна Ліпская. Гарэзлівае сонейка і сямікаляровая вясёлка — работа самай маладой удзельніцы праекта Алены Ананіч, вучаніцы другога класа Іёдскай ДС-СШ, якую яна выканала разам з настаўніцай Вольгай Эдуардаўнай Давыдавай. А самай старэйшай удзельніцы праекта жыхарцы вёскі Дворнава Любові Сцяпанаўне Лапыр 93 гады. Вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе і былыя жыхары Шаркаўшчыны Валянціна Аляксандраўна Шурлік з Пастаў і Фаіна Канстанцінаўна Радкевіч з Докшыц. Актыўны ўдзел у стварэнні абярэга прынялі школы раёна, работнікі клубных устаноў, бібліятэкары, савет ветэранаў, жаночы савет, РВПС. Вялікую працу зрабіла метадыст цэнтра рамёстваў Ірына Груніна. Яе рукамі было пашыта самае вялікае і арыгінальнае пано. Абсталяванне для дэманстрацыі на свяце “Шаркаўшчынскага абярэга” зрабілі ў сталярнай майстэрні ПМК-68. Хачу сказаць, што стварыць пано вельмі адказная, цікавая і няпростая справа. На ўласным вопыце ў гэтым пераканалася. Трэба ж было спачатку прыдумаць сюжэт. Затым выбраць від рукадзелля. Мне ў сваім пано давялося скарыстаць розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вышыўку гладдзю, роспіс па тканіне і вышыўку стужкамі. Хацелася, каб усе зразумелі, аб чым гаворыць пано, таму суправадзіла яго вершам. Пра кожную работу можна гаварыць з вялікім захапленнем. І, як паведаміла дырэктар цэнтра рамёстваў Вікторыя Казіміраўна Дубоўская, “Шаркаўшчынскі абярэг” займе ганаровае месца ў глядзельнай зале цэнтра. Магчыма, убачыўшы вынік калектыўнай працы, у некага ўзнікне жаданне стварыць нешта сваё і дапоўніць пано, то, калі ласка. Толькі пажадана даваць сваёй рабоце назву і кароценькі каментарый аб тым, што хацелі адлюстраваць. Думаецца, што ў пачатку навучальнага года многія школы захочуць азнаёміцца з нашым абярэгам. Можна будзе яго прадэманстраваць на месцах.
Кацярына СОСНА. Фота Марыны ЖАКАЎКА.
