Станіслаў Верушэўскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі”

Актуальное

Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі

Трапляем у своеасаблівы гарадок, іначай не скажаш пра дзяржаўную ўстанову сацыяльнага абслугоўвання “Александроўскі псіханеўралагічны дом — інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. Тэрыторыя ўстановы заасфальтавана, пракладзены дарожкі да кожнага будынка, тэрыторыю ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы, усё патанае ў кветках, дэкаратыўных дрэвах і кустах. Такая наўкола чысціня і парадак, як быццам бы тут напярэдадні спецыяльна рыхтаваліся да сустрэчы якіхсьці важных гасцей.

— Гэта наша паўсядзённае жыццё, — заўважыўшы наша захапленне сказаў дырэктар установы Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі. — Ва ўстанове працуюць 107 чалавек абслугоўваючага персаналу і 180 — хворых. Усё, што тут бачыце, зроблена рукамі нашых работнікаў. Мы не выдзяляем па рангах, усе імкнуцца, каб тут людзям жылося камфортна, добра, цёпла і ўтульна, каб прыемна было прайсціся па дарожках, залюбавацца, да адзінай траўкі праполатымі, кветнікамі.

Кіраўнік установы за 16 гадоў сваёй дзейнасці, дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і дзелавым якасцям, здолеў  згуртаваць калектыў аднадумцаў. Хворыя, хто па медыцынскіх паказчыках можа працаваць, заняты ў дазволены нарматывамі час на найбольш простых відах работ. Астатнія — людзі розных захворванняў і ўзросту, патрабуюць больш увагі да сябе, клопату і лячэння.

Тут працуе штат медыцынскага персаналу, які на пастаяннай варце здароўя пражываючых.

Будынкі, якіх налічваецца звыш 30, кожны год рамантуюцца, паднаўляюцца, дабудоўваюцца новыя і, практычна, усё робіцца сваімі сіламі. Вось, скажам, некалі пабудавалі летні амфітэатр. Цяпер тут для ўсяго кантынгенту арганізоўваюцца канцэрты да розных свят. Для больш нямоглых хворых, якія хочуць заняцца справай, арганізаваны гурткі па вышыўцы, шыццю, маляванню. Рукамі ўмельцаў зроблены на тэрыторыі ўстановы малыя архітэктурныя формы, паднаўляецца інтэр’ер.

Станіслаў Альфонсавіч стварыў свой невялікі калгас. У доме-інтэрнаце ёсць даволі вялікі ўчастак зямлі, дзе вырошчваюцца збожжавыя культуры, бахчавыя, розныя віды іншай гародніны, назапашваюцца кармы з палеткаў для жывёлы. А гадуюцца тут каровы, маладняк буйной рагатай жывёлы на адкорме, авечкі, трусы. Для абслугоўвання раслінаводчай галіны на мехдвары можна заўважыць трактары, аўтамабілі, прычапны інвентар, камбайн.

Трымаць падсобную гаспадарку зручна — усё сваё, натуральнае, свежае, а стравы, прыгатаваныя работнікамі сталовай, заўсёды адпавядаюць санітарным патрабаванням. Харчуюцца хворыя пяць разоў у дзень.

Работа кіраўніка дома-інтэрната па заслугах ацэньваецца дзяржавай. У 2011 годзе Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі быў “Чалавекам года Віцебшчыны” у намінацыі “Занятасць. Сацыяльная абарона”. А зусім нядаўна з рук прэм’ер — міністра Міхаіла Мясніковіча ён атрымаў медаль “За працоўныя заслугі”.

Гэта не першы яго медаль. Справа ў тым, што Станіслаў Альфонсавіч, перш, чым прыйсці на гэтую пасаду, прайшоў вялікую школу жыцця, набіраўся вопыту працаваць на зямлі, ён на працягу 17 гадоў быў старшынёй  калгаса” Свабода” у нашым раёне. Менавіта тады быў працоўны ўздым гаспадаркі. Патрабавальнасць да сябе і працуючых, строгая дысцыпліна, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, падтрыманне належнага парадку на мехдварах і ў жывёлагадоўчых памяшканнях, выкананне ўсіх планаў — вось тыя задачы, якімі паўсядзённа кіраваўся старшыня калгаса на працягу сваёй працоўнай дзейнасці. Дзяржава высока ацаніла яго ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзнагародзіла бронзавым медалём выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР “За дасягненні ў сельскай гаспадарцы”.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.

так выглядае галоўная алея


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *