Старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны складаюцца не толькі з вызначальных бітваў, але таксама і з лёсаў удзельнікаў барацьбы супраць акупантаў. Старшы навуковы супрацоўнік Германавіцкага музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча Іна Пучынская даслала ў рэдакцыю ліст, дзе расказвае пра Фёдара Васільевіча Буду, які жыў на маленькім востраве возера Ельня.
«Фёдар Васільевіч зрабіў свой важкі ўклад у барацьбу з фашыстамі. Не, ён не хадзіў у атакі, не падрываў варожыя эшалоны. Жыў мужчына ўдалечыні ад вёсак і хутароў, ажно на балотным масіве. Так склаўся лёс, што разам са сваёй сям’ёй ён апынуўся ў віхуры ваенных падзей. Два сыны Фёдара Васільевіча былі ў партызанах, адзін з іх загінуў у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі.
У фондах гісторыка-краязнаўчага музея Германавіцкай СШ захоўваецца шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць, што Фёдар Буда падтрымліваў сувязь з партызанамі брыгады «Спартак» і іншымі злучэннямі народных мсціўцаў. Таксама ён быў залічаны ў рады партызанскай брыгады «Кастрычнік». Фёдар Буда, як ніхто іншы, ведаў усе сцежкі на балоце, з’яўляўся правадніком-разведчыкам, сувязным, перавозіў партызан праз возера Ельня. Немцы асцерагаліся пранікаць углыб балота і не наведваліся на востраў, таму партызаны тут маглі спакойна адпачыць.
Зімой 1943 і 1944 гадоў партызаны тут заснавалі аэрадром. Працавалі народныя мсціўцы ў вельмі складаных умовах. Самалёты з вялікай зямлі прымалі ноччу, а днём раздавалі атрадам боепрыпасы. У чэрвені 1944 года акупанты арганізавалі карную экспедыцыю супраць партызан. Яны акружылі іх, пачаўся артылерыйскі абстрэл вострава. Фёдар Буда дапамог партызанам выйсці праз вёскі Кушнеры і Сухаверша, а сам вярнуўся дадому. Тут яго схапілі фашысты, а потым вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. На чужыне працаваў на цэментным заводзе ў Альпах, дзе страціў зрок. Дадому Фёдар Буда вярнуўся ў 1945 годзе, жыў у вёсцы Буды разам з жонкай і сынам. Калі ў 1945 годзе спадарожніцы жыцця не стала, ён пераехаў у Германавічы, дзе і закончыў свой зямны шлях.
Час ужо зараўняў варонкі ад снарадаў, якімі фашысты бамбілі востраў на Ельні, аднак ён бяссільны над памяццю аб мужнасці і гераізме савецкіх людзей. Колькі іх, такіх як Фёдар Васільевіч Буда, рызыкуючы ўласным жыццём, набліжалі перамогу? Вайна пакінула глыбокі след у гісторыі Беларусі. З 1945 года мінулі дзесяцігоддзі, вырасла некалькі пакаленняў людзей. Сумленне і абавязак перад загінуўшымі і перажыўшымі Вялікую Айчынную вайну ніколі не дазволяць нам забыць гэты гераічны час”.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

