Жыхарам гарадскога пасёлка добра вядома месца ў райцэнтры, якое чамусьці ўсе называюць «звярынец». Існуе мноства меркаванняў паходжання гэтай назвы.
Ад чыгуначнага вакзала побач, з будынкамі рэдакцыі раённай газеты і райпаліўзбыту, праходзіць сцежка ў накірунку мікрараёна будаўнікоў. Пракладзена яна праз кустоўе, побач з зямельнымі надзеламі шаркаўчан. Сцежка актыўна выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі, бо гэта самы кароткі пешаходны шлях з ПМК-68 у цэнтр Шаркаўшчыны. Мясцовасць, дзе праходзіць сцежка, і называецца «звярынец».
У 1776 годзе ўладальнік мястэчка пан Лапацінскі пабудаваў сабе двухпавярховы палац, дзе размяшчалася карцінная галерэя, непадалёк — аранжэрэя і звярынец, у якім знаходзіліся розныя жывёлы.
Па іншай версіі ў гэтым месцы была зона адпачынку, побач — невялікае возера, раслі высокія дрэвы, а на пацеху мясцовай шляхце тут утрымлівалася жывёла. Па словах жыхара Шаркаўшчыны Фёдара Бондара, тут, побач з высокім лесам, праходзіла чыгунка, каля яе кожнае лета размяшчаліся цыганскія табары.
А па ўспамінах Ефрасінні Лапкоўскай, побач з гэтай мясцовасцю праходзіла дарога. Людзі, вяртаючыя з кірмашу, ішлі па ёй. З сабой неслі набытыя пакупкі, грошы, іншыя рэчы. Гэтым часта карысталіся бандыты, якія рабавалі сялян, а нярэдка нават і забівалі. Таму і шлях гэты лічыўся вельмі небяспечным, людзі баяліся хадзіць па ім паасобку.
Цяпер ужо ніхто дакладна не ведае сапраўднай версіі паходжання назвы «звярынец». Відавочна толькі тое, што шаркаўчане і цяпер зімой і ўлетку крочаць гэтай сцежкай, скарачаючы свой шлях у цэнтр гарпасёлка і назад.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

