Справаздачна-выбарчы сход прайшоў у ААТ «Княж»

Прафсаюзы Сельское хозяйство

У сельгаспрадпрыемствах раёна праходзяць справаздачна-выбарчыя сходы, на якіх падводзяцца вынікі работы прафсаюзных арганізацый за мінулую пяцігодку. Наш карэспандэнт наведаў адкрытае акцыянернае таварыства «Княж».

Прафсаюзную арганізацыю сельгаспрадпрыемства ўзначальвае Таццяна Бохан, якая з’яўляецца намеснікам дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце, а яшчэ яна ўзначальвае пярвічную арганізацыю ААТ «Княж» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».

У прафсаюзным камітэце сельгаспрадпрыемства налічваецца 110 чалавек. Асноўнымі накірункамі дзейнасці за мінулы перыяд з’яўляліся кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора, кантроль за захаваннем належных умоў працы, матэрыяльная падтрымка работнікаў і іншае. У Год міру і стварэння, якім быў аб’еўлены 2023 год, члены прафсаюза актыўна ўдзельнічалі ў грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах. Для работнікаў сельгаспрадпрыемства былі арганізаваны экскурсійна-турыстычныя паездкі, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. З фінансавых сродкаў прафсаюзнага камітэта аказвалася матэрыяльная дапамога.

У рабоце схода прыняла ўдзел старшыня Віцебскай абласной арганізацы работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава. Яна выказала шчырую ўдзячнасць работнікам сельгаспрадпрыемства за іх нялёгкую, але вельмі неабходную грамадству працу, накіраваную на харчовую бяспеку нашай краіны. З цеснае сацыяльнае партнёрства паміж сельгаспрадпрыемствам і прафсаюзнай арганізацыяй гаспадаркі словы ўдзячнасці Таццяна Дзіканава адрасавала і намесніку генеральнага дырэктара па кіраванні ААТ «Княж» Уладзіміру Буду.

Падчас агульнага галасавання старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» на наступны пяцігадовы перыяд перавыбрана Таццяна Бохан. З гэтай падзеяй яе павіншавалі ўсе прысутныя і пажадалі далейшай плённай працы па абароне правоў працуючых гаспадаркі, рэалізацыі пастаўленых перад прафсаюзам мэт і задач.

У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод», якая штогод праходзіць у краіне, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат уручыў калектывам жывёлаводаў малочнатаварных ферм «Германавічы» і «Сталіца» электрачайнікі.

Ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі адкрытага акцыянернага таварыства граматамі і каштоўнымі падарункамі былі адзначаны перадавыя работнікі жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара