Восемдзясят вёснаў праляцела, адшумела сваім лісцем над старым гарадзецкім паркам, дзе ў брацкай магіле пахавана мужная патрыётка шаркаўшчынскай зямлі Анастасія Бельская.
Ішло лета 1943 года. Партызанскія атрады Полаччыны актывізавалі свае дзеянні на акупіраванай нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі, яны праводзілі ўдалыя баявыя аперацыі па разгрому варожых гарнізонаў. Адным з месцаў дыслакацыі гітлераўцаў быў будынак цяперашняй цэнтральнай сядзібы КУВСП «Гарадзец». Партызаны планавалі знішчыць варожы гарнізон, але найперш трэба было выявіць слабыя месцы ў ахове аб’екта. У разведку з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны разам з двума байцамі пайшла і Насця Бельская. За гады знаходжання ў радах народных мсціўцаў дзяўчына не раз была ў самых рызыкоўных вылазках супраць фашыстаў, і ёй спадарожнічаў поспех. Але на гэты раз не пашанцавала: па дарозе ў Гарадзец Насця натыкнулася на нямецкую засаду. Пачалася перастрэлка, у ходзе яе разведчыца атрымала цяжкае раненне ў нагу. Сцякаючы крывёю, яна працягвала адстрэльвацца. Затым схапіла гранату, каб падарваць сябе і не здацца ў палон ворагу, але здзейсніць апошні свой крок не паспела: некалькі дужых немцаў схапілі яе.
Насцю даставілі ў нямецкі гарнізон у Гарадцы. Пад узмоцненай аховай два дні пратрымалі ў мясцовай бальніцы, а затым кінулі ў цагляны падвал. Тут дзяўчына сустрэла сваю сяброўку па педагагічнаму вучылішчу Ганну Краснякову, якая была схоплена фашыстамі як сувязная партызан, і міжволі стала сведкай цяжкіх пакут, што выпалі на долю Анастасіі. Пасля вайны ў сваіх успамінах Ганна Краснякова, якой пашчасціла застацца ў жывых, прыгадвала аб апошніх днях жыцця сваёй сяброўкі:
— Насцю па дзесяць і больш разоў у суткі вадзілі на допыт. Вёў яго здраднік Радзімы Іван Вятвіцкі. На стале перад ім заўсёды ляжалі гумовая нагайка і пісталет. Побач стаяў графін з гарэлкай, якую Вятвіцкі піў без перапынку, каб затым у п’яным чадзе здзеквацца над разведчыцай. Пасля допытаў яе, збітую да страты прытомнасці, кідалі зноў у падвал. Некалькі разоў вазілі ў Глыбокае, але дарэмна, фашысты так і не даведаліся ад яе ніякіх звестак.
У час, калі Бельская сядзела ў падвале нямецкага гарнізона ў Гарадцы, партызаны спрабавалі выратаваць сваю лепшую сяброўку-разведчыцу. Аднойчы яны прынадзілі фашыстаў у лес і навязалі ім бой. Дзясяткі забітых і параненых вывезлі карнікі з поля бою, але поўнасцю разграміць гарнізон і вызваліць Насцю партызаны не змаглі.
Яе расстралялі 27 красавіка 1944 года. У цэнтры гарадзецкага парка гітлераўцы зранку сабралі ўсё насельніцтва вёскі на паказальнае пакаранне смерцю партызанскай разведчыцы. Канваіры вывелі Насцю з падвала і ўдарамі прыкладаў аўтаматаў штурхалі да загадзя выкапанай ямы. Цяжка параненая, знявечаная катаваннямі, яна і зараз наводзіла жах на фашыстаў. Маладую дзяўчыну суправаджалі ажно дваццаць узброеных салдат. Мужная партызанка ішла ў апошні свой шлях з песняй, а смерць прыняла з горда ўзнятай галавой. Яе апошнія словы: «Страляйце, гады! Усё роўна ўсіх не перастраляеце! За мяне вы дорага заплацілі!» — разнесліся па наваколлі і іх пачулі жыхары Гарадца і Лужкоў. Выстралы раптоўна абарвалі голас і жыццё адважнай разведчыцы…
Побач з адміністрацыйным будынкам сельгаспрадпрыемства знаходзіцца яе пахаванне. Тут, у гарадзецкай зямлі, разам з партызанскай разведчыцай знайшлі вечны спакой закатаваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзевяць палонных байцоў Чырвонай Арміі. Сюды часта прыходзяць вучні, настаўнікі, мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць загінуўшых. А да падножжа помнікаў кладуць жывыя кветкі.
У аграгарадку Лужкі непадалёку ад шумлівай ракі Мнюта, працягнулася вуліца, што носіць імя Бельскай. Настаўнікі і вучні мясцовай сярэдняй школы свята ўшаноўваюць імя партызанскай разведчыцы. Па шматгадовай традыцыі ў навучальнай установе 27 красавіка — у дзень гібелі Анастасіі Бельскай — праходзіць дзень яе памяці.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.