14 лістапада на базе Шкунцікаўскай БШ прайшоў семінар дырэктараў школ раёна

Молодежь

у час абмеркаванняў пытанняў за круглым сталом

Тэмай семінара стаў “Сістэмны аналіз дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі”. У пачатку прысутным была паказана відэапрэзентацыя — завочнае падарожжа па школе. Адкрыла семінар, азнаёміўшы з праграмай яго правядзення, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама К. Р. Міхнёнак. Затым кіраўнікі навучальных устаноў раёна змаглі папрысутнічаць на адкрытых уроках. Так, у 2—4 класах прайшоў занятак факультатыву “Азбука Берегоши” на тэму “Электрычнасць вакол нас”. Праводзіла ўрок настаўніца З. А. Янушонак. “Строение простого предложения. Классификация предложений. Порядок слов в предложении. Логическое ударение” — тэма адкрытага ўрока па рускай мове настаўніцы Г. Б. Шаўчонак у 8 класе. Карэспандэнт нашай газеты папрысутнічаў на занятку ў 7 класе, які праводзіла настаўніца Ж. С. Якімовіч. Тэмай абагульняючага адкрытага ўрока-практыкума па геаграфіі была “Атмасфера. Надвор’е і клімат”. Да занятку вучні, а іх у класе толькі трое, былі грунтоўна падрыхтаваныя. Жанна Сяргееўна з усёй паўнатой адказнасці аднеслася да правядзення ўрока. Настаўніца скарыстала мультымедыйную ўстаноўку, матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне, якім карыстаюцца спецыялісты аграметэастанцыі для назіранняў за атмасфернымі з’явамі ў прыродзе. Наглядны матэрыял з цікавасцю разглядалі і знаёміліся з яго практычнымі функцыямі не толькі сямікласнікі, і педагогі, якія прысутнічалі на ўроку.

адкрыты ўрок па геаграфіі ў 7 класе

Сваю адзнаку праведзеным адкрытым урокам за круглым сталом далі спецыялісты аддзела адукацыі і дырэктары школ. Дарэчы, адзнакі аказаліся станоўчымі. Па водгуках настаўнікаў, якія наведалі заняткі, навучаннем і выхаваннем дзяцей у мясцовай школе займаюцца прафесіяналы сваёй справы. А вопыт падрыхтоўкі і правядзення імі ўрокаў варты пераймання.

Аб асноўных накірунках работы, вучэбным працэсе і аб дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі паведаміла ў сваім дакладзе дырэктар Шкунцікаўскай БШ Марына Вітальеўна Толкач.

выступае дырэктар Шкунцікаўскай БШ М. В. Толкач

Выконваючая абавязкі педагога-арганізатара школы В. М. Рымдзёнак з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі наглядна прадэманстравала і расказала пра выхаваўчы працэс ва ўстанове. Цікавыя творчыя заняткі праходзяць тут на пасяджэннях сямейнага клуба “Увлечение”. Як доказ таму — музычнае выступленне семяў Блажэвіч і Шабан на семінары. У школе на высокім узроўні арганізавана работа па духоўнаму выхаванню. Вучні — удзельнікі рэлігійных свят, што праходзяць у праваслаўнай Свята-Ільінскай царкве. Школа наладзіла стасункі з Маскоўскай духоўнай акадэміяй. Для дзяцей сістэматычна праводзяцца экскурсіі-падарожжы па гістарычных мясцінах нашай краіны.

З мэтай вызначэння, якім жа павінен быць сучасны кіраўнік навучальнай установы, Валянціна Мікалаеўна правяла дзелавую гульню з пытаннямі, што тычацца іх прафесійнай дзейнасці. Адказы былі атрыманы розныя, але ўсе зводзіліся да таго, што сучасны дырэктар школы павінен спалучаць у сабе функцыі ўмелага кіраўніка і таленавітага педагога.

У рабоце семінара прыняў удзел галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна У. Л. Грашчанка. Ён засяродзіў увагу кіраўнікоў навучальных устаноў на абавязковым выкананні санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Падрабязна расказаў пра нормы правільнай арганізацыі харчавання вучняў, указаў на выяўленыя парушэнні санітарных правілаў у некаторых школах. Уладзімір Леанідавіч патрабаваў трымаць на пастаянным кантролі тэмпературны рэжым у класных пакоях, асабліва з усталяваннем халодных умоў надвор’я.

Падвяла вынікі семінара дырэктараў школ, даўшы ацэнку прайшоўшаму мерапрыемству, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. І. Лемяшэўская.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *