Прадаўцы Надзея Бурэль і Ірына Ліпская ўсё жыццё працуюць у спажывецкай кааперацыі раёна

Общество

Існуе меркаванне, што добры прадавец здольны нават рукавічкі прадаць улетку. А калі больш сур’ёзна, то ў сферы гандлю нашага раёна ёсць людзі, якія шчыра і сумленна выконваюць сваю работу. Прадаўцы магазінаў у вёсках Жукоўшчына і Сасноўцы Надзея Бурэль і Ірына Ліпская ўсё жыццё працуюць у спажывецкай кааперацыі раёна, Надзея — 43 гады, Ірына — 28.

Надзея Бурэль родам з Полацка. Пасля вучобы па размеркаванні прыехала ў наш раён. Каля 20 гадоў жанчына працавала таваразнаўцам, потым працяглы час была намеснікам дырэктара, а затым і дырэктарам аптова-гандлёвай базы ў нашым гарадскім пасёлку. Апошнія 8 гадоў з’яўляецца загадчыцай магазіна ў вёсцы Жукоўшчына.

Ірына Ліпская — карэнная шаркаўчанка, шмат гадоў адпрацавала ў сферы грамадскага харчавання раёна. Апошнія 12 гадоў — прадаўцом магазіна ў Сасноўцах.

У нядзелю, 28 ліпеня, Надзея Бурэль, Ірына Ліпская і іх калегі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў гандлю і 100-годдзе ўтварэння органаў гандлю Беларусі.

Работа жанчын няпростая, яна прадугледжвае пастаянную работу з людзьмі, матэрыяльную адказнасць, уменне знаходзіць з пакупнікамі агульную мову, што не заўсёды бывае лёгка.

Але, як адзначаюць самі наведвальнікі гандлёвых аб’ектаў, дзе працуюць Надзея і Ірына, з прадаўцамі ім пашанцавала. У простых дзеяннях жанчын бачыцца не толькі майстэрства, але і любоў да сваёй прафесіі. Штодня яны на сваім месцы. Заўсёды ветлівыя і гатовыя дапамагчы пакупнікам.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара