Мінулагодняя зімоўка жывёлы паказала, наколькі важна мець трывалую кармавую базу.
Сёлета ўсе гаспадаркі раёна з усёй паўнатой адказнасці падыйшлі да нарыхтоўкі кармоў. Яно і зразумела, лепш мець лішак сенажу, сена або саломы, каб потым не траціць фінансавыя сродкі на іх набыццё.
Такога ж меркавання прытрымліваюцца і ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Даватарскі». У сельгаспрадпрыемстве запланавана нарыхтаваць 615 тон сена, 11700 тон сенажу. З гэтай задачай вяскоўцы амаль справіліся. Але спыняцца тут не збіраюцца, кожны дзень запасы кармоў павялічваюцца. У хуткім часе аграрыі прыступяць да ўборкі кукурузы.
У працэсе нарыхтоўкі кармоў задзейнічаны механізатар Рамуальд Яцына. У гаспадарцы ён працуе на трактары «Беларус» МТЗ-82, выконвае транспартныя работы. На некаторы час тэхніка выйшла са строю, але дарэмна марнаваць час мужчына не стаў. Рамуальд уладкаваўся ўчотчыкам на МТФ «Пялікі». У яго абавязкі ўваходзіць замер вільготнасці здрабнёнай зялёнай масы ў сянажных траншэях, а таксама ўлік прывезеных прычэпаў з «зялёнкай».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

