Чыгуначнікі селі за штурвалы камбайнаў

Сельское хозяйство

Жніво ў гаспадарках раёна перайшло ў завяршальную фазу. Аграрыі абмалочваюць яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры.

Зменлівае надвор’е не з’яўляецца перашкодай для вясковых рупліўцаў, бо працуюць яны наперакор капрызам нябеснай канцылярыі. Механізатары Віталь Мішута, Мікалай Атопкін і Мікалай Баговіч на камбайнах «Палессе» КЗС-1218 абмалочвалі поле з аўсом каля вёскі Казакі ў ААТ «Даватарскі».

— Спякотнае надвор’е перыядычна змяняецца і з хмар ідзе дождж, — кажа Віталь Мішута. — Наша галоўная задача — хутка і без страт сабраць вырашчаны ўраджай. Маім асноўным месцам працы з’яўляецца чыгунка, але калі прыходзіць час жніва, я і мой калега Іван Васілеўскі накіроўваемся ў ААТ «Даватарскі», садзімся за штурвалы камбайнаў і дапамагаем аграрыям.

На палетак прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, каб пацікавіцца ходам жніва і праблемамі, якія ўзнікаюць у механізатараў. Кожнаму камбайнеру ён перадаў ёмістасці з пітной вадой, якія спатрэбяцца ў спякотнае надвор’е.

— Кожны дзень мы выязджаем на палеткі, дзе ідзе ўборка, наведваем зернесушыльныя комплексы, — кажа Аляксандр. — Працуем у адным тандэме з вяскоўцамі, дапамагаем ім у вырашэнні існуючых праблем.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.