Кацярына Фёдараўна Гарноўская сваё жыццё прысвяціла працы ў сельскай гаспадарцы на карысць нашага раёна

Сельское хозяйство

Па вуліцы Маладзёжнай, што ў гарадскім пасёлку, пражывае жанчына, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла працы ў сельскай гаспадарцы на карысць нашага раёна. Завуць яе Кацярына Фёдараўна Гарноўская. Нядаўна мы завіталі да яе, каб пагутарыць пра мінулы час, пацікавіцца сённяшнімі справамі.
— Заходзьце, калі ласка, — гасцінна запрасіла нас Кацярына Фёдараўна. — Расказваць асабліва няма пра што. Жыву, як і ўсе звычайныя людзі.
Між тым, гутарка наша працягвалася больш за гадзіну. Нарадзілася Кацярына Фёдараўна ў Старадарожскім раёне, што ў Мінскай вобласці. Пасля школы паехала на вучобу ў сельскагаспадарчы тэхнікум у пасёлак Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Гэта на Гомельшчыне.
— Так было наканавана лёсам, што пасля заканчэння навучальнай установы па размеркаванні трапіла ў Глыбоцкі раён, — апавядае жанчына. — У 1965 годзе, калі яшчэ не быў адноўлены Шаркаўшчынскі раён, тэрыторыя калгаса імя Крупскай з цэнтрам у вёсцы Шкунцікі адносілася да Глыбоцкага. Сельгаспрадпрыемства было невялікім, мяне назначылі аграномам, памочнікау у агранамічнай справе ў мяне не было. На гэтай пасадзе я адпрацавала 10 год. Там жа выйшла замуж.
У 1975 годзе яна разам з мужам Вячаславам пабудавалі ўласны дом у Шаркаўшчыне. Так здарылася, што спадарожнік жыцця заўчасна памёр. У сям’і расло двое дзетак. Адной справіцца з іх выхаваннем, даглядаць хатнюю гаспадарку, хадзіць на работу было цяжка. Таму Кацярына Фёдараўна выйшла замуж у другі раз. Нарадзілася трэцяе дзіця.
— У Шаркаўшчыне давялося працаваць на розных пасадах, у розных арганізацыях, — працягвае мая суразмоўца. — Спачатку працавала аграномам на станцыі аховы раслін пад кіраўніцтвам Тамары Паўлаўны Каплуноўскай. Потым была пераведзена інспектарам народнага кантролю Шаркаўшчынскага раёна. Але, шчыра кажучы, гэта работа мне не падабалася. Таму, са згоды кіраўніцтва раёна, стала начальнікам аграхімаддзела райсельгасхіміі, дзе і адпрацавала 14 год да выхаду на заслужаны адпачынак.
За шчырую і сумленную працу Кацярына Фёдараўна атрымала мноства ўзнагарод ад кіраўніцтва раёна і вобласці. Але ж самай каштоўнай яна лічыць Грамату Вярхоўнага Савета БССР, атрыманую ёю за дасягнутыя поспехі ў барацьбе за высокі ўраджай збожжавых культур у 1969 годзе.
Цяпер Кацярына Фёдараўна пражывае адна, муж памёр. Але часта наведваюць маці дзеці, прыязджаюць да яе і ўнукі, ёсць адзін праўнук. Родныя людзі не пакідаюць яе ў адзіноце.
На развітанне мы пажадалі Кацярыне Фёдараўне доўгіх і шчаслівых год жыцця, сагрэтых ласкай, пяшчотай і любоўю яе блізкіх.
Сяргей РАЙЧОНАК.