Юныя шаркаўчане пабывалі на галоўных ёлках Віцебшчыны і Рэспублікі

Актуальное

шаркаўчане ў карнавальных касцюмах

26 снежня ўбачыць галоўную ёлку Віцебшчыны змаглі дзеці нашага раёна. Сярод іх выдатнікі вучобы, актывісты, пераможцы конкурсаў, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Урачыстае навагодняе мерапрыемства праходзіла ў Цэнтры культуры “Віцебск”. Шмат яркіх уражанняў у маленькіх гледачоў пакінула тэатралізаваная пастаноўка, выстава творчасці “Калядная зорка”, працавала “Майстэрня Дзеда Мароза”. На святочнай дзеі прысутнічаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Косінец, які, як і ў папярэднія гады, з клопатам і ўвагай адносіцца да падрастаючага пакалення і правядзення для іх падобных мерапрыемстваў. Ад шчырага сэрца ён павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з Новым 2014-м годам, пажадаў моцнага здароўя і выдатнай вучобы.
Дзеці, якія прысутнічалі на губернатарскай ёлцы з аддаленых раёнаў вобласці, знаходзіліся ў абласным цэнтры два дні. Увечары, 26 снежня, для іх была спецыяльна арганізавана экскурсія па святочна ўбранаму ў рознакаляровыя гірлянды і фарбы Віцебску. Вучні наведалі летні амфітэатр, агледзелі баявую тэхніку ў парку Перамогі, прагуляліся па старых вуліцах каля Ратушы. Фіналам такога насычанага дня стала тэатралізаванае навагодняе прадстаўленне на плошчы Перамогі. Сваімі ўражаннямі аб паездцы з намі падзялілася вучаніца 7 “Б” класа Шаркаўшчынскай СШ № 1 Насця Бука:
— Калі я даведалася, што мне прадаставілі магчымасць пабываць на губернатарскай ёлцы, то вельмі ўзрадавалася: такі шанц выпадае выключна рэдка і не кожнаму. Мы ў карнавальных касцюмах у якасці гледачоў з вялікай цікавасцю прагледзелі спектакль пра Пітэра Пэна. Артысты так цудоўна выступалі, што мы назіралі за іх гульнёй на адным дыханні. Пасля спектакля нас чакалі салодкія пачастункі, песні і танцы з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Затым кожны атрымаў падарунак — мяккую цацку і набор цукерак. Гэта паездка запомніцца мне надоўга.
26 і 27 снежня асабліва запомнілася тым школьнікам, якім выпала магчымасць прысутнічаць на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі. Шаркаўшчынскі раён на свяце ў Мінску прадставілі Юлія Сямчонак (Шкунцікаўская БШ), Дзмітрый Толкач (Радзюкоўская БШ) і Аляксандр Лук’янскі (Іёдская ДС-СШ).
Усе дзеці, якія наведалі абласную і рэспубліканскую ёлку, зазначылі, што гэтая паездка для іх — найлепшы навагодні падарунак. Вучні выказваюць словы падзякі сваім настаўнікам, работнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за магчымасць пабываць на свяце, дакрануцца да казкі, падоранай ім, дзецям, дарослымі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

... і з атрыманымі падарункамі


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *