Толькі сумленныя адносіны да выканання працоўных абавязкаў уплываюць на станоўчы вынік і памер заробку.
Алена Пучыла (на здымку) працуе аператарам па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы (да трох месяцаў) на МТФ «Зорка» ААТ «Ельня-Агра». Справу ведае дасканала, бо з дзяцінства дапамагала сваёй маці на ферме.
— У маім гурце налічваецца 169 цялят, — кажа Алена. — Ад даярак яны трапляюць у пяцісутачным узросце. Спачатку выпойваю іх малаком, пазней — дабаўляю муку, камбікорм. Трэба ўвесь час пільна сачыць за жывёлай. Калі пагаршаецца стан здароўя — на дапамогу спяшаецца ветырынарны ўрач Яўген Шарак. Ён заўсёды акажа кваліфікаваную дапамогу, калі ў гэтым узнікае патрэба. Цяляткі ў маім гурце ўтрымліваюцца да трохмесячнага ўзросту.
Амаль кожны месяц Алена займае лідзіруючыя пазіцыі па прывагах жывёлы не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і сярод жывёлаводаў іншых сельгаспрадпрыемстваў. За лістапад сярэднясутачная прывага у гурце цялят, за якімі даглядае жанчына, склала 761 грам.
Падчас раённай урачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Алена Пучыла ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама за дасягненне лепшых вынікаў сярод аператараў па вырошчванні і адкорме буйной рататай жывёлы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

