
— Першы сур’ёзны іспыт на спраўнасць і якасць рамонту машыны і абсталяванне будуць праходзіць падчас вясенніх палявых работ. А там, на нарыхтоўцы кармоў або на жніве, прастоі каштуюць вельмі дорага. І каб іх пазбегнуць, наша гаспадарка сёння мабілізуе ўсе сілы і сродкі на выкананне пастаўленых задач, — сказаў нам у час наведвання мехмайстэрні “Пялікі” ААТ “Даватарскі” яго дырэктар Мікалай Антонавіч Атопкін.
Амаль поўнасцю рамонт тэхнікі ў сельгаспрадпрыемстве праводзяць сваімі сіламі і за ўласныя сродкі. У майстэрні кожны дзень з самага ранку пануе рабочая атмасфера. Тут рамантуюць грузавыя аўтамабілі, трактары, прычапны інвентар.
— У першую чаргу даводзім да ладу тэхніку, якая першая будзе выкарыстана ў палявых работах, — тлумачыць галоўны інжынер Пётр Вацлававіч Васілеўскі. — За сродкі мясцовага бюджэту набылі запасныя часткі для агрэгатаў на пнеўматычным ходзе “Раса”. Механізатары займаюцца рамонтам глебаапрацоўчых агрэгатаў: барон, культыватараў, дыскатараў, плугоў. Самі ведаеце: часу для прамаруджвання няма, таму спяшаемся завяршыць падрыхтоўчыя работы ў тэрмін, каб своечасова распачаць з надыходам вясны палявыя работы ў гаспадарцы.
Сяргей РАЙЧОНАК.