Што казаць, ці то заспала сёлета зіма, ці то дзесьці загуляла па дарозе да нас, але ў Шаркаўшчыне яе практычна не бачылі. Ніхто, напэўна, не ўзгадае такую вось зіму, каб снегу не было. Дзе яна там загуляла-затрымалася, гэта яе праблемы, а мы ужо чакаем у госці вясну. Але і яна да нас пакуль таксама не спяшаецца, бо надвор’е 2 сакавіка было па-восеньску змрочнае, спачатку нават імжыў дожджык з дробным снегам. Ну нічога! Ролю нябеснага светача добра выканалі сонцы намаляваныя і галоўнае — усмешкі на абліччах шаркаўчан, якія ўрачыстай калонай прайшлі ад райвыканкама да РДК, дзе і адбывалася галоўнае святкаванне. На сцэне амфітэатра ўвесь час час ішло прадстаўленне, падрыхтаванае работнікамі культуры Шаркаўшчыны і раёна, з шматлікімі музычнымі нумарамі, конкурсамі. Дарэчы, прадстаўнікі кожнага калектыву і арганізацыі павінны былі паказаць свае таленты, выступіўшы на сцэне з нумарам мастацкай самадзейнасці. Традыцыйнымі для шаркаўчан ужо сталі бліны з полымя-жару ад ўдзельніц мясцовай нацыянальнай народнай кухні “Груца”. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся сярод маленькіх шаркаўчан пап-корн, які пяклі ў адной з гандлёвых палатак. І ўвогуле, гандаль каля шматлікіх павільёнаў райспажыўтаварыства і палаткі з сувенірамі раённага цэнтра рамёстваў ішоў ажыўлена, так што прадаўцам сумаваць не было калі.
Як заўсёды, вабілі погляд прызы на вяршыне слупа. Пакуль магчымыя канкурэнты думалі і наважваліся, Віктар Савіцкі скінуў куртку і ў некалькі заходаў абабраў усе прызы з кола. Зрабіў гэта ён з такой лёгкасцю і спрытам, што ў наступны раз арганізатарам для яго трэба будзе ўсталяваць удвая вышэйшы за сёлетні слуп. Такім чынам Віктар узбагаціў сямейную гаспадарку патэльняй, формачкай для выпечкі і мехам зерня.
Каля ўваходу ў РДК ахвотныя маглі паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, падрыхтаваных работнікамі раённага цэнтра дзяцей і моладзі і раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Праверыць сваю трапнасць, кідаючы дроцікамі ў паветраныя шарыкі і страляючы па мішэнях з пнеўматычнай зброі, пахадзіць на хадулях, паказаць моц у армрэслінгу і падняцці гіры і іншае.
Адным словам, кожны мог адшукаць сабе прысмакі і забавы па гусце як для цела, так і для душы падчас народнага масленічнага гуляння.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
Фота Андрэя БУРЦА.























