Анатолій Хліманкоў стаў лаўрэатам звання “Чалавек года Віцебшчыны” ў намінацыі “Архітэктура і будаўніцтва”

Актуальное

Па добрай традыцыі ў пачатку года ўшаноўваюць лепшых працаўнікоў вобласці па выніках прайшоўшых дванаццаці месяцаў. Кожны раён прадстаўляе сваіх намінантаў на ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”, з ліку якіх выбіраюць самых дастойных. Лаўрэаты прадстаўлены ў розных прафесіях з розных сфер дзейнасці: прамысловасць, сацыяльная сфера, транспарт, жыллёва-камунальная гаспадарка, аграпрамысловы комплекс і іншыя.
Сёлетняя цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў сярэдзіне лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” абласнога цэнтра. Удзел у ёй прыняла і дэлегацыя ад Шаркаўшчынскага раёна. Па выніках 2013 года лаўрэатам звання “Чалавек года Віцебшчыны” у намінацыі “Архітэктура і будаўніцтва” стаў дырэктар дачэрняга камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Шаркаўшчынская ПМК-68” Анатолій Фёдаравіч Хліманкоў.
Анатолій Фёдаравіч пачаў працаваць у ПМК пасля заканчэння школы, быў спачатку рознарабочым. Адслужыўшы ў радах Савецкай арміі, вярнуўся ў гэтую ж арганізацыю. У 1972 годзе набыў спецыяльнасць майстра. Дапамогу маладому спецыялісту ў прафесійным станаўленні аказвалі яго бацька і маці, што працавалі ў Шаркаўшчынскай ПМК. Закончыўшы будаўнічы тэхнікум у Мінску, Анатолій Фёдаравіч у 1976 годзе быў назначаны на пасаду прараба. Наступнай прыступкай на будаўнічай “лесвіцы” стала выкананне ім абавязкаў галоўнага інжынера. І вось ужо дваццаць год Анатолій Фёдаравіч узначальвае калектыў шаркаўшчынскіх будаўнікоў.
Шматлікія перашкоды сустракаліся на шляху дырэктара арганізацыі. Асабліва востра паўстала праблема па захаванні працоўнага калектыву пасля развалу СССР: не было аб’ёмаў работы, не хапала будматэрыялаў, не своечасова выплачвалася зарплата. Але паступова гэтыя праблемы былі пераадолены. Дзякуючы дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла ў аграгарадках штогод пачалі ўзводзіць дзясяткі жылых дамоў, вытворчых памяшканняў. З нарошчваннем будаўнічых аб’ёмаў работ павышалася і зарплата работнікаў, адкрыліся новыя працоўныя месцы. Зараз Шаркаўшчынская ПМК-68 — адна з найбуйнейшых арганізацый раёна. Тут працуюць каля двух соцень чалавек, больш сямідзесяці працэнтаў складае моладзь. За апошнія гады практычна поўнасцю абноўлена вытворчая база прадпрыемства: набыты аўтакраны, экскаватары, бетоназмяшальнікі. Вялікая ўвага надаецца ўкараненню малой механізацыі ў будаўнічым працэсе.
— Калі браць перыяд пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і да сённяшняга дня, — кажа Анатолій Фёдаравіч, — то прыкладна каля дзевяноста працэнтаў узведзеных будынкаў па нашым раёне — заслуга працаўнікоў, якія ў розны час шчыравалі ў Шаркаўшчынскай ПМК-68. Зараз, маючы вялікі вытворчы патэнцыял і стабільны калектыў, працуем на розных аб’ектах у нашым раёне і за яго межамі — на Браслаўшчыне і ў Верхнядзвінску. Не так даўно прымалі ўдзел у рамонце сталічнай гасцініцы “Беларусь”, рыхтавалі аб’ект да чэмпіянату свету па хакеі.
Ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”, якога сёлета ўдастоены адзіны прадстаўнік нашага раёна, — пачэсная ўзнагарода для Анатолія Фёдаравіча Хліманкова, які ўсё сваё жыццё прысвяціў прафесіі будаўніка — адной з самых мірных і стваральных на зямлі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *