Гроня Раманоўская і Ганна Хаданёнак адзначаны Падзякамі кіраўніка раёна

Общество

Яшчэ не восень жыцця

У гэтым упэўнены жанчыны, якія хоць і з’яўляюцца пенсіянерамі, але знаходзяць магчымасць, каб іх адпачынак на пенсіі быў цікавым і карысным.

Ганна Хаданёнак пражывае ў вёсцы Прамяны Германавіцкага сельсавета. У маладосці скончыла Магілёўскае культурна-асветніцкае вучылішча і прысвяціла сваё жыццё сферы культуры. У пачатку 1960-х гадоў працавала на Міёршчыне, затым па сямейных абставінах змяніла месца жыхарства і пераехала ў Шаркаўшчыну. На малой радзіме жанчына з’яўлялася інспектарам аддзела культуры райвыканкама, а пазней працавала загадчыкам Сталіцкага сельскага клуба.

— У той час у вёсках было шматлюдна, — успамінае Ганна. — І моладзь, і людзі старэйшага пакалення наведвалі клубную ўстанову. Разам ладзілі канцэрты, выязныя выступленні ў навакольных вёсках і на палетках для аграрыяў.

Нягледзячы, што той перыяд жыцця застаўся толькі ва ўспамінах і на фотаздымках, мяне па-ранейшаму не забываюць людзі, з якімі працавала ў адной сферы, прыходзяць у госці, цікавяцца станам здароўя. Побач з маім домам пражывае сын Сяргей са сваёй сям’ёй. Таму сумна мне не бывае, заўсёды знаходжу занятак па душы.

Нядаўна жанчына адзначыла свой юбілей. Са знакавай датай у жыцці імянінніцу павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Прадстаўнікі мясцовай ўлады ўручылі Ганне Хаданёнак Падзяку за подпісам кіраўніка раёна Сяргея Кашміла, кветкі, выказалі словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў.

Шаркаўчанка Гроня Раманоўская з’яўляецца равесніцай Вялікай Перамогі. Нарадзілася ў сёсцы Алашкі, у маленстве зведала горыч пасляваеннага аднаўлення родных мясцін, холад і голад, якія панавалі ў той час.

— Для нас, дзяцей пакалення другой паловы 1940-х гадоў, Слабадская школа, якая знаходзілася побач, з’яўлялася аазісам не толькі трывалых ведаў, але і таленавітых педагогаў, верных сяброў, — кажа жанчына. — Навучальная ўстанова дала мне пуцёўку ў шырокае самастойнае жыццё. У свой час я скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут. З 1969 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ветэрынарным урачом Шаркаўшчынскай райветстанцыі. Тут жа, у гарадскім пасёлку стварыла сям’ю, аб чым ніколі не пашкадавала. Азіраючыся на пройдзены час, упэўнена скажу, што пражытыя гады пакінулі добры ўспамін пра людзей, з якімі працавала, жыла і цяпер жыву ў згодзе. Упэўнена, наперадзе новы світанкі новых шчаслівых дзён нашага мірнага і шчаслівага жыцця.

Па даручэнні старшыні райвыканкама Сяргея Кашміла яго намеснік Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак уручылі Гроні Раманоўскай Падзяку кіраўніка раёна з нагоды юбілейнага дня нараджэння, пажадалі доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця. Да віншаванняў далучыліся былыя калегі імянінніцы і прафсаюзны камітэт райветстанцыі, якія заўсёды віншуюць сваіх ветэранаў працы са знакавымі датамі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.