У пяты раз у аграгарадку Радзюкі прайшло раённае свята «І ў клёцак ёсць душа» — аўтарская задумка ўдзельнікаў народнага клуба нацыянальнай кухні і фальклору «Груца» мясцовага сельскага Дома культуры.
Клёцкі «з душамі» з’яўляюцца традыцыйнай стравай жыхароў заходняй тэрыторыі Віцебшчыны. Паэтычная назва самога элемента культуры харчавання паходзіць ад начынкі, якая змяшчаецца ў сярэдзіне клёцкі і называецца душой. Гатуюць іх і ў Шаркаўшчынскім раёне.
Паспрачацца ў конкурсных праграмах разам з радзюкоўскімі гаспадынямі вырашылі шэсць каманд-удзельніц. Сярод іх былі работнікі клубных устаноў раёна, бібліятэкары, удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці.
Сталы канкурсантаў у літаральным сэнсе ламіліся ад вялікай колькасці з густам прыгатаваных страў. У сваёй большасці тут былі прадстаўлены вырабы з бульбы, але прысутнічалі яшчэ і выпечка з мукі, раўгеня, салаты, квас.
Акрамя кулінарнага выпрабавання на самую смачную клёцку ўдзельнікі свята яшчэ спрачаліся ў конкурсе прыпевак. Іх жартоўнае выкананне пад музычны акампанемент баяністаў-віртуозаў выклікала шмат станоўчых эмоцый у гледачоў. Публіка весялілася разам з самадзейнымі артыстамі.
Кампетэнтнае журы з ліку работнікаў культуры і ветэранаў галіны вызначыла пераможцаў. У першым конкурсным выпрабаванні «Весяліся ад душы — клёцкі еш, гуляй, пляшы!» роўных не было народнаму калектыву «Груца». А ўдзельніца аматарскага аб’яднання «Яблынька» сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва Ірына Лаўрыновіч заваявала гран-пры ў конкурсе «Іграй, гармонік — гучы, прыпеўка!».
Аляксандр Цітовіч, старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама:
— Прыемна адзначыць, што свята «І ў клёцак ёсць душа» мае статус раённага. З кожным годам на гэта мерапрыемства збіраецца шмат удзельнікаў, у якасці гледачоў з радасцю прыходзяць да нас не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з навакольных вёсак, шаркаўчане. Свята, якое стала візатнай карткай аграгарадка Радзюкі, пашырае свае межы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.