Нарэшце і ў нашы паўночныя раёны прыйшла сапраўдная вясна. Хутка падсыхае глеба на больш узвышаных участках. Мы з дырэктарам ААТ “Буеўшчына” Анатоліем Буда аб’ехалі палі, дзе вяліся пасяўныя работы. Так, ва ўрочышчы Каменка поле ў 53 гектары. Там у папярэднім годзе расла пшаніца. Механізатар Уладзімір Падоба пры дапамозе чызельнага культыватара падрыхтаваў глебу да сяўбы. Іншыя механізатары заправілі глебу мінеральнымі тукамі пад поўную патрэбнасць. Сяўбой важнай прыбытковай культуры — рапсу — заняты Антон Паўловіч. Ён шчыруе на трактары КЗР-10 з сеялкай “лемкен”. Крыху воддаль да гэтага поля прымыкае другое плошчай 35 гектараў. Там на тарфяніку высяваў кукурузу Барыс Бабчонак.
— Такім механізатарам, як Антон Паўловіч і Барыс Бабчонак, ніякага кантролю не трэба, — кажа Анатолій Ігнацьевіч. — Яны ўсё робяць сумленна, заўсёды акуратна і прафесійна.
Паступова фронт пасяўных работ у гаспадарцы расшыраецца.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.