Юбілейныя даты сям’і Катовічаў з аг. Вялікае Сяло

Общество Прафсаюзы Сельское хозяйство

У гасцінны дом Валянціна і Аліны Катовічаў з аграгарадка Вялікае Сяло ў адзін з дзён завіталі прадстаўнікі мясцовай улады і прафсаюзаў. Нагодай таму стаў юбілейны дзень нараджэння гаспадара сядзібы.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, а нядаўна Валянціну Катовічу споўнілася 90 год, ён па-бадзёраму прывітаў гасцей, запрасіў ў хатні пакой, дзе расказаў пра сябе, пра свой жыццёвы шлях.

Калі пачалася вайна, хлопчыку было шэсць год. Дзіцячая памяць захавала ўспаміны, як нямецка-фашысцкія карнікі рухаліся па яго роднай вёсцы Вялікае Сяло, як па дарозе ішлі калоны тэхнікі, захопнікі рухаліся ва ўсходнім напрамку. Хоць час быў неспакойны, мясцовасць знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, дзеці вучыліся грамаце. У адной з хат у вёсцы ладзіліся заняткі. Так Валянціну пашанцавала скончыць тры класы, навучыцца чытаць, пісаць і лічыць. Пасля вызвалення ён дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы, тэрміновую службу правёў ў Германіі, пасля чаго зноў вярнуўся дадому. Працаваў у калгасе ў паляводстве, на будоўлі, быў паштальёнам, брыгадзірам, слесарам-газаўшчыком, апошнія гады перад пенсіяй — калгасным электрыкам.

Шэсцьдзясят год назад узяў у жонкі дзяўчыну Аліну з вёскі Аўдзейчыкі, што размяшчалася паблізу Шаркаўшчыны. Згулялі вяселле, сваімі сіламі пабудавалі дом, у якім жывуць і цяпер. Аліна працавала настаўніцай у мясцовай школе, а Валянцін — у калгасе «Вялікае Сяло». У сям’і нарадзіліся дзве дачкі — Мая і Жанна.

Хуткаплынна ідзе час, дочкі выраслі, раз’ехаліся далёка ад бацькоўскага парога, дарослымі сталі і ўнукі. Але, хоць і зрэдку, яны наведваюць сваіх тату і маці, родныя мясціны, дзе пачаўся іх шлях у самастойнае жыццё.

Цёплыя віншаванні, шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця юбіляру адрасавалі старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, кіраўнік пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Агратэхсэрвіс» Яся Краснікава. У напамін пра юбілей яны ўручылі імянінніку падарункі, як доказ таго, што маладое пакаленне не забывае ветэранаў працы, якія сваё жыццё прысвяцілі роднаму краю.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.