90-годдзе з дня нараджэння адзначылі Яніна Мядзелец і Ядвіга Кавалёнак

Общество Сельское хозяйство

Серабро на скронях, золата ў сэрцах

Гэтыя словы пра цудоўных жанчын, жыхароў вёсак Германавіцкага сельсавета, якія сустрэлі 90-годдзе з дня нараджэння.

Яніна Мядзелец пражывае ў вёсцы Жукі Ложныя, на беразе маляўнічай ракі Дзісна. Тут прайшлі гады яе маладосці, у гэтым населеным пункце жанчына сустрэла сваю сталасць. Нарадзілася яна ў Гурках, хадзіла ў мясцовую школу, але скончыць поўнасцю не змагла, бо перашкодзіла вайна. Той страшны час людзі сталага ўзросту ўспамінаюць неахвотна.

Як і іншыя аднавяскоўцы, пасля выгнання ворага з роднай зямлі аднаўляла разбураную вайной гаспадарку. Аднойчы на вечарыне пазнаёмілася з хлопцам Уладзімірам. Многія дзяўчаты заглядаліся на гэтага прыгажуна, які мілагучна іграў на баяне. Але ўсё ж перавагу ён аддаў Яніне. Так маладыя стварылі сям’ю, якая спачатку жыла ў вёсцы Казлоўшчына, што паблізу Шкунцікаў. Ішоў час, Мядзельцы пабудавалі ўласны дом у Жуках Ложных, абзавяліся гаспадаркай, выхавалі траіх дзяцей: сыноў Уладзіміра і Пятра, дачку Марыю.

Гаспадар працаваў увесь час трактарыстам у калгасе «Беларусь», а Яніна — малаказборшчыцай. Шмат жыццёвых здабыткаў і страт зведалі Мядзельцы, але пранеслі праз гады нязгасны свет кахання і дабрыні адно да аднаго і да людзей.

На паўднёвым ускрайку балота Ельня размяшчаецца невялічкая вёсачка з прыгожай назвай Васількова. На жаль, цяпер тут пражывае толькі адзін чалавек — Ядвіга Кавалёнак. Як і ў Яніны Мядзелец, у гэтай жанчыны былі свае радасці і смутак у жыцці. У далёкіх 1950-х гадах Ядвігу сасватаў хлопец Цеафіл, а пражывала яна ў той час на Міёршчыне. Жаніх забраў нявесту да сябе, дзе спачатку жылі ў яго бацькоў, а з 1963 года займелі ўласны дом. Некаторы час сям’я жыла і працавала ў Латвійскай ССР, але па пэўных абставінах вярнулася ў Васількова і засталася тут назаўсёды. Ядвіга з Цеафілам выхавалі дзвюх дочак, сына, ёсць унукі і ўнучкі. А гэта для сталага чалавека — найбольшая радасць у жыцці.

Па даручэнні старшыні райвыканкама Сяргея Кашмілы яго намеснік Юрый Васілеўскі ўручыў Падзякі кіраўніка раёна Яніне Мядзелец і Ядвізе Кавалёнак за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельгасвытворчасці. Да віншаванняў далучыліся адказны сакратар раённага Савета ветэранаў Маргарыта Баговіч, старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Княж» Таццяна Бохан.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.