Юнакі пасляваеннай пары з сельскай мясцовасці не шукалі лепшай долі ў гарадах, а заставаліся жыць і працаваць у родных мясцінах.
Не здрадзіў сваей малой радзіме і жыхар аграгарадка Шыці Генадзь Траба. Яшчэ падлеткам, атрымаўшы базавую адукацыю, ён пайшоў працаваць паляводам у мясцовы калгас «Усход». Разам з іншымі юнакамі касіў сенажаць, апрацоўваў на кані палеткі, нарыхтоўваў для сельскагаспадарчых патрэб дровы, выконваў іншую работу.
— У 1964 годзе ў нашым калгасе арганізавалі курсы маладога механізатара, — успамінае Генадзь. — Сваё жаданне авалодаць кіраваннем тэхнікай выказалі мясцовыя хлопцы і я ў тым ліку. Маім першым «сталёвым канём» быў гусенічны ДТ-54, спачатку працаваў на ім прычэпшчыкам, а потым і сам сеў за рычагі. Пакрысе набіраўся вопыту, павышаў кваліфікацыю. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла калёсны трактар «Беларус» МТЗ-5, затым за гады працы была і іншая тэхніка.
Шмат гадоў Генадзь пражыў з жонкай Вандай, якая таксама працавала ў калгасе, была жывёлаводам. Разам выхавалі дзвюх дочак, сына. Ужо выраслі і ўнукі, радуюць свайго дзядулю. На жаль, спадарожніцы жыцця Генадзя даўно няма побач. Але не страчвае мужчына жыццёвага аптымізму. 15 гадоў назад купіў дом у аграгарадку і пераехаў з Зяблін у Шыці.
Нядаўна Генадзь сустрэў юбілейны дзень нараджэння, у госці да імянінніка прыехалі яго дзеці, унукі, каб адзначыць слаўную дату — 85-годдзе з дня нараджэння. Не абмінулі сваёй увагай ветэрана працы і прадстаўнікі мясцовай улады. Па даручэнні старшыні райвыканкама Сяргея Кашмілы яго намеснік Юрый Васілеўскі ўручыў імянінніку Падзяку кіраўніка раёна за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў юбіляру адрасавала і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
