
15 і 16 мая на базе Віцебскага аэраклуба імя Гараўца прайшла чатырнаццатая абласная ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, прысвечаная 69-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у мерапрыемстве прынялі і шаркаўшчынскія вучні — каманда “Белая Русь” сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка. Паездцы ў вобласць папярэднічала іх перамога на раённым этапе ваенна-спартыўнай гульні.
Дзевятнаццаць каманд-удзельніц спаборнічалі ў сямі конкурсах: “Строя і песні”, “Баявы лісток”, “Песня ў нашым жыцці”, “Старонкі гісторыі Айчыны”, “Памяць”, спаборніцтвы па медыка-санітарнай падрыхтоўцы, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Усе выпрабаванні шаркаўчане прайшлі вельмі дастойна. А ў конкурсе “Песня ў нашым жыцці” занялі трэцяе месца. І хоць не вельмі спадарожнічала юнакам і дзяўчатам удача, тым не менш, ім зусім крыху не хапіла набраных балаў да прыступак п’едэстала. У выніку каманда СШ № 1 “Белая Русь” у абласной ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца” заняла чацвёртае агульнакаманднае месца.
Сяргей РАЙЧОНАК.