Чаму вучаць дзяцей у нядзельнай школе, расказвае чытачам раённай газеты Галіна Іванаўна Трызна, настаўніца рэлігіі ў нядзельнай школе, адкрытай пры касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа

Молодежь

IMG_9885 (Копировать)Дзякуючы адраджэнню ў нашай краіне традыцый хрысціянскага выхавання, сёння практычна ў кожным горадзе ёсць свае нядзельныя школы для дзяцей. Такія праваслаўныя і каталіцкія школы дзейнічаюць і ў Шаркаўшчыне. Адна з іх  адкрыта пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Карэспандэнт раённай газеты сустрэлася з настаўніцай рэлігііі Галінай Іванаўнай Трызна, каб даведацца: як і для чаго працуе нядзельная школа пры касцёле.

-Амаль два дзясяткі гадоў назад пры касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа была ўпершыню адкрыта нядзельная школа, -паведаміла падчас нашай размовы Галіна Іванаўна.  -І сёння ўжо некаторыя нашы былыя вучні прыводзяць  у нядзельную школу сваіх дзяцей.

У цяперашні час у школе пры касцёле займаюцца каля 70 дзяцей, заняткі з імі праводзяцца ў 10 ўзроставых групах.

Разам з дзецьмі мы вывучаем асновы хрысціянскай веры, у простай, даступнай для дзіцячага ўспрымання форме вывучаем малітвы, знаёмімся з Бібліяй, разважаем аб Слове Божым, наведваем нядзельныя службы ў касцёле. Заняткі ў школе праводзяцца ў форме дыялогу, размовы з вучнямі. Малодшая група дзетак рыхтуецца да прыняцця Першай Камуніі. Спецыяльна распрацаваныя рэлігійныя планы і тэмы дазваляюць малышам спазнаваць цікавыя звесткі пра хрысціянства. Спачатку такое навучанне з’яўляецца дастаткова простым, але з кожным годам дзеці даведваюцца ўсё больш. План заняткаў распрацаваны і для вучняў старэйшых класаў. Такім чынам вядзецца падрыхтоўка дзяцей і падлеткаў  да дарослага жыцця і праблем, з якімі можна сутыкнуцца. У нядзельнай школе дзецям становіцца зразумела, для чаго патрэбны запаведзі Божыя і чаму страшны грэх, які ламае душу. Наша каталіцкая вера – глыбокая, прыгожая, мудрая. З яе дапамогай можна знайсці падказкі на ўсе выпадкі жыцця. Гэтаму разам з ксяндзом Крыштафам Сілкоўскім, які рэгулярна прыходзіць на заняткі ва ўсе групы,  мы вучым сваіх маленькіх наведвальнікаў.

Заняткі ў нядзельнай школе пачынаюцца ў кастрычніку і заканчваюцца напярэдадні летніх канікул. 1 верасня, напачатку новага навучальнага года,  ў касцёле праводзіцца ўрачыстая святая Імша, на якой разам з дзецьмі прысутнічаюць іх бацькі і настаўнікі. А з  гэтага года па просьбе бацькоў у нашай навучальнай установе пачалі займацца і дзеткі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Такі вопыт работы, магу адзначыць,  ужо дае свае станоўчыя рэзультаты.

Запіс на заняткі ў нядзельную школу ажыцяўляецца ў перыяд летніх канікул. У першы клас прымаюцца дзеці, якія дасягнулі школьнага ўзросту.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *