Актыўна вядзецца корманарыхтоўка ў ААТ “Даватарскі”. На 9 чэрвеня тут былі скошаны травы на плошчы звыш 540 гектараў, што складае амаль палову да плана. Вядзецца назапашванне сенажу і сена. Аналіз якасці кармоў вызначаецца ў лабараторыі ветстанцыі. Па іх дадзеных першакласны корм атрымліваецца з масы, якая скручваецца ў рулоны і загортваецца ў палімерную плёнку.
Акрамя таго, распачалі ў гаспадарцы нарыхтоўваць сянаж у траншэі. Першая такая яма закладваецца ў аддзяленні Сасноўцы. Варта сказаць, што ямы для прыёмкі кармоў загадзя падрыхтавалі, абкасілі адкосы, прачысцілі днішчы. Усё робіцца з той мэтай, каб корм адпавядаў высокаму класу і не псаваўся. Менавіта ў гэтым аддзяленні на зграбанні скошанай і правяленай травяной масы апошнія дні задзейнічаны механізатар Пётр Міхайлавіч Чарняўскі. Трэба сказаць, што гэта прозвішча добра вядома нашаму чытачу, бо Пётр Міхайлавіч у гаспадарцы ўніверсальны працаўнік. Якую б работу механізатару ні даручылі, ён выконвае ўсё акуратна і добрасумленна, выходзіць у перадавікі працоўнага спаборніцтва. На свой рахунак ён запісаў 186 гектараў зграбленай у валкі масы. Механізатар працуе з граблямі тыпу “лайнер”, якія выкарыстоўваюцца ўжо шмат гадоў і заўсёды адрамантаваны і адладжаны.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
