Узнагароджаны перадавікі корманарыхтоўчай кампаніі

Сельское хозяйство

старшыня прафкама ААТ "Буеўшчына" А.І. Гернат віншуе з працоўнай перамогай механізатара Валерыя Грайчонка

Увесь тыдзень поўным ходам ішла нарыхтоўка кармоў у гаспадарках раёна. Перад корманарыхтоўшчыкамі пастаўлена задача, каб назапашваць сена, сянаж і сілас толькі высокай якасці. Менавіта за кошт гэтага можна будзе павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Дабіцца такога можна, калі будуць захоўвацца тэхналагічныя патрабаванні нарыхтоўкі, куды ўваходзіць і своечасовая касьба траў.

Найбольш эфектыўна вядзецца нарыхтоўка прэс-падборшчыкамі з адначасовым выкарыстаннем плёнкі. Травяны фураж у такім “адзенні” лепш захоўвае пажыўныя рэчывы і даўжэй можа выкарыстоўвацца. Гэта бялок, які не траціць сваёй пажыўнасці і праз год. Па прагрэсіўнай тэхналогіі рыхтуюць кармы ААТ “Агратэхсэрвіс” і “Даватарскі”, якія набылі такую тэхніку. Пры спрыяльным надвор’і адным агрэгатам можна за дзень нарыхтаваць да 400 рулонаў вагой па 500 кілаграмаў кожны. Такім кормам будзе забяспечаны ўвесь маладняк і дарослае пагалоўе жывёлін.

— Як толькі з’явіцца магчымасць, у рулоны будзем прасаваць і сена, — паведаміў дырэктар ААТ “Даватарскі” Сяргей Струй.

Спецыялісты адзначаюць, што сёлета травы ўрадзілі добрыя і нарыхтоўка іх ідзе рытмічна. Як мінімум з першага ўкосу можна назапасіць па 16 цэнтнераў кармавых адзінак. Праўда, частыя дажджы прымушаюць пераразмяркоўваць віды кармавых нарыхтовак — замест сена закладваецца сянаж.

Гаспадаркі павінны скасіць з такім разлікам, каб не прапусціць аптымальныя тэрміны паспявання, каб трава не перарасла. З гэтай мэтай усе арганізацыі раёна і шэфы з Наваполацка ўключыліся ў дапамогу вяскоўцам. Кожны дзень з райцэнтра ад’язджаюць людзі, каб дапамагчы вяскоўцам у пару правесці нарыхтоўчую кампанію.

Напружаныя тэмпы касавіцы патрабуюць павышанай увагі да працуючых. Таму ствараюцца ўмовы для эфектыўнай працы корманарыхтоўшчыкаў. Для іх выдзяляецца двухразовае гарачае харчаванне прама ў полі. Адладжана працоўнае спаборніцтва.

Трапляем у ААТ “Буеўшчына” на поле, дзе вядзецца ўборка масы на сянаж. Ішоў невялікі дождж, і механізатары вымушаны былі прыпыніць работу тэхнікі. Такую магчымасць выкарысталі арганізатары працоўнага спаборніцтва. Павіншаваць перадавікоў зялёнага жніва прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Гедзіён Пятровіч Буйка, начальнік аддзела адэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома і старшыня прафкама ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Іосіфавіч Гернат. Заслужылі ўшанавання браты Грайчонкі. Валерый трымаў першае месца ў раёне на здрабненні правяленай масы, а Ігар — на другім месцы па адвозцы травяной масы. Пераможцам спаборніцтва ўручылі пераходныя чырвоныя вымпелы і грашовыя прэміі.

Накіроўваемся ў ААТ “Васюкі”. Там таксама ёсць перадавікі працоўнага спаборніцтва: на зграбанні правяленай масы — Віктар Касарэўскі і на адвозцы — Вячаслаў Арцабовіч. Моцны дождж прымусіў корманарыхтоўшчыкаў часова прыпыніцца. У гэты час даставілі працаўнікам прама ў поле падвячорак. А намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Алег Мечыслававіч Перхуровіч уручыў пераможцам спаборніцтва пераходныя чырвоныя вымпелы і грашовыя прэміі.

Цёплае і дажджлівае надвор’е, падкормка пасля касьбы будуць спрыяць хуткаму адрастанню травы для другога ўкосу.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.

перадавікі ААТ "Буеўшчына" браты Валеый і Ігар Грайчонкі
адзін з лідараў корманарыхтоўкі ААТ "Васюкі" Вячаслаў Арцабовіч
перадавік зялёнага жніва з ААТ "Васюкі" Віктар Касарэўскі
шэфскую дапамогу гаспадарцы аказваюць работнікі ТЦСАН
завяршаецца закладка сенажу ў траншэю каля фермы Шыці ААТ "Юдыцына"


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *