У Лужкаўскім СДК прайшла прэзентацыя кнігі Васіля Стомы «Маё мястэчка»

Актуальное

Вокладка кнігі В. Стомы "Маё мястэчка"

У гісторыі беларускай літаратуры былі выпадкі, калі нікому невядомыя пісьменнікі, пакідалі пасля сябе нешматлікія творы-шэдэўры. Тут можна прывесці прыклад са знакамітай паэмай “Тарас на Парнасе”, аўтарам якой з’яўляецца Канстанцін Вераніцын.

Да ліку малавядомых пісьменнікаў-эмігрантаў, які пакінуў для нас, нашчадкаў, адзіны літаратурны твор, адносіцца імя Васіля Стомы – ураджэнца мястэчка Лужкі. Біяграфічных звестак пра гэтага чалавека, на жаль, зяхавалася няшмат. Нарадзіўся ён у 1911 годзе, скончыў польскую сямігодку, працаваў сакратаром (па іншых звестках – бухгалтарам) у аддзеле адукацыі ў Дзісне. У час нямецкай акупацыі Васіль Стома працаваў у гаспадарчым аддзеле раённай адміністрацыі, а калі ў 1944 годзе прыйшла Чырвоная армія, разам з сям’ёю — маці і сёстрамі — выехаў у Германію.

Лёс распарадзіўся так, што ў 1949 годзе Стома пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага згуртавання, быў сябрам БНР. Васіль Стома вельмі любіў тэатр, ніводная пастаноўка не абыходзілася без яго ўдзелу. А зарабляў на жыццё эмігрант, працуючы краўцом у краме адзення. Добры апавядальнік, ён любіў расказваць, што аднойчы яму давялося прышываць гузік самому Альберту Эйнштэйну. Ці праўдзівая гэта гісторыя, сказаць складана. Але яна магла быць на самой справе, бо славуты навуковец жыў на адлегласці ў 35 кіламетраў ад Стомавага Нью-Брансіўка.

Знаходзячыся на вельмі далёкай адлегласці ад сваёй радзімы, Васіль Стома па памяці на аркушах паперы занатаваў успаміны аб сваіх мясцінах, земляках, іх звычаях і абрадах, аб родных Лужках. Кніга “Маё мястэчка” з’яўляецца ўнікальным і паўнавартасным мастацкім творам. Краязнаўцы вобразна назвалі яго “энцыклапедыяй сялянскага жыцця”. Успамінамі  пра Лужкі Васіль Стома нагадвае чытачу пра наша агульнае мінулае і робіць гэта з замілаваннем, самаіроніяй і светлай журбой.

Другога жніўня ў Лужкаўскім сельскім Доме культуры адбылася прэзентацыя кнігі Васіля Стомы “Маё мястэчка”. Яе арганізавалі культурна-асветніцкі Цэнтр імя Язэпа Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з Людмілай Стома і старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Таццяна Краснадубская.

Распачаў імпрэзу мовазнаўца Зміцер Саўка, які расказаў прысутным, як узнікла ідэя выдаць гэты твор. Кніга ўпершыню выдадзена ў поўным варыянце. Яна будзе цікавай не толькі краязнаўцам і гісторыкам, але і звычайным чытачам.

Затым выступіла гісторык Наталля Гардзіенка, якая садзейнічала выданню твора.

На мерапрыемстве прысутнічалі жыхары Лужкоў, госці з Шаркаўшчыны, Глыбокага, Германавіч і Мінска. Сваімі ўражаннямі знагоды прэзентацыі кнігі Васіля Стомы “Маё мястэчка” падзяліліся мастак Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак, Кліменцій Кожан, Эдмунд Гірын, Мікалай Андзілеўка, Зміцер Лупач. Некалькі музычных твораў пад гітарны акампанемент выканаў бард, былы сябра народнага пісьменніка Беларусі Алесь Камоцкі.

Культурна-асветніцкаму Цэнтру імя Язэпа Драздовіча і калектыву Лужкаўскага СДК у якасці падарунка аб праведзенай імпрэзе Наталля Гардзіенка прыпаднесла кнігі. У сваю чаргу работнікі клубнай установы пачаставалі гасцей гарачай гарбатай з яблычным пірагом.

Закончылася мерапрыемства экскурсіяй па вуліцах старажытнага мястэчка.

Выступае Наталля Гардзіенка, справа - Зміцер Саўка
Верш чытае Алесь Марачкін
Выступае Ада Райчонак
Краязнаўца з Германавіч Кліменцій Кожан
Краязнаўца з Лужкоў Эдмунд Гірын
Аматар мінуўшчыны Мікалай Андзілеўка
Зміцер Лупач, газета "Вольнае Глыбокае"
Лірычныя песні ў выкананні барда Алеся Камоцкага
Сярод прысутных - адны з арганізатараў імпрэзы Людміла Стома і Таццяна Краснадубская

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *