
Як паведамлялася, 12 кастрычніка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне адбылася доўгачаканая падзея — з рук ксяндза-біскупа Алега Буткевіча атрымалі сакрамант Канфірмацыі каля 80 чалавек рознага узросту. Сярод іх былі вернікі і з суседніх парафій — Удзела і Барадзянічаў. Праз Канфірмацыю яны атрымалі асаблівую моц Святога Духа.
Сваімі ўражаннямі аб тым, як праходзіла ўрачыстасць, дзеліцца парафіянка касцёла Алена Колтун-Клімза:
— Святую Імшу ўзначаліў Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Разам з ім, акрамя іншых вернікаў, быў і ксёндз Андрэй Сіповіч, для якога Шаркаўшчынская парафія з’яўляецца роднай. Ксёндз — адзін з нямногіх святароў, якія паходзяць з нашага раёна, і без сумнення, лічыцца гонарам нашай парафіі. Святар навучае семінарыстаў у Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, выкладае ў Тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, з’яўляецца духоўным дарадчыкам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці.
Ва ўступным слове ксёндз біскуп Алег Буткевіч сказаў, што для яго наведванне Шаркаўшчынскай парафіі — гістарычная падзея, бо ў якасці біскупа ён прыехаў сюды ўпершыню. Вядома, што яшчэ няма і году, як Папа Францішак прызначыў ксяндза Алега на пасаду пастыра Віцебскай дыяцэзіі. На пачатку размовы ксёндз-біскуп перадаў прывітанне вернікам ад Папы Рымскага, у якога ў верасні быў на аўдыенцыі, і падзяліўся сваімі незабыўнымі ўражаннямі ад сустрэчы са Святым Айцом.
Увогуле, казанне ксяндза біскупа атрымалася насычаным шчырасцю, дабрынёй, што вельмі для яго характэрна.»Шукайце Валадарства Божае» — заклікаў Ардынарый, звяртаючыся да прысутных. Падкрэсліў, як важна знаходзіць час для Бога, занепакоены тым, што людзі, часта не зважаючы на нядзелю, працуюць.»Час, прызначаны для Бога — ніколі не будзе змарнаваны!» Да маладых вернікаў, якія атрымалі сакрамант Канфірмацыі, звярнуўся са словамі пра пакліканне, як важна яго зразумець. Моладзь, якая едзе вучыцца, каб не забывалася, што трэба жыць з Богам і наведвалі святыні.
Напрыканцы святой Імшы ад імя Канфірмаваных асобаў са словамі ўдзячнасці звярнуліся вернікі да ксяндза-біскупа Алега Буткевіча, да пробашча Крыштафа Сілкоўскага і да настаўніцы рэлігіі Галіны Трызна. Пасля заканчэння Літургіі, з рук пастыра Віцебскай дыяцэзіі, атрымалі пасведчанні аб сакраманце Канфірмацыі.
Наперадзе чакала яшчэ адна важная падзея — асвячэнне капліцы ў цэнтральнай раённай бальніцы. Туды і накіраваўся ксёндз-біскуп Алег Буткевіч з ксяндзом Крыштафам Сілкоўскім. Там ужо чакалі галоўны ўрач Станіслаў Тадэвушавіч Стома, старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч і іншыя запрошаныя асобы. Галоўны ўрач прывітаў біскупа словамі: «Як жа даўно мы Вас чакалі». Справа ў тым, што працуе новая бальніца і да гэтага часу тут не было магчымасці для хворых людзей лячыць не толькі цела, але і душу. Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі сказаў: «Мы знаходзімся ў «святая святых», бо менавіта тут, у цяжкія хвіліны свайго жыцця чалавек набліжаецца да Бога, і лепш разумее сэнс Хрыстовых пакут. Пасля цырымоніі асвячэння памяшкання капліцы выступіў старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Вельмі сімвалічным стаў ад яго падарунак для ксяндза-біскупа — абраз, выкананы ва ўсходнім стылі «Вознесение Господне», бо менавіта на нашай шаркаўшчынскай зямлі побач жывуць хрысціяне праваслаўнага і каталіцкага веравызнання. Ардынарый падзякаваў і пакінуў абраз у дар новаасвечанай капліцы. На заканчэнне ксёндз Крыштаф Сілкоўскі нагадаў, што ў бліжэйшую суботу ў Літургіі касцёла адзначаецца ўспамін святога Лукі-евангеліста, які з’яўляецца апекуном медыкаў. Ён запрасіў галоўнага ўрача і ўвесь медыцынскі персанал на супольную малітву.
Прыгожы, сонечны, восеньскі дзень, спадзяёмся, стане запамінальным для шаркаўшчынскіх вернікаў. Асабліва для тых, хто атрымаў Духа Святога падчас сакраманту Канфірмацыі. Хто прыняў гэты сакрамант, павінен не баяцца сваёй веры, абараняць яе і каштоўнасці, звязаныя з ёй. Гэты сакрамэнт умацоўвае чалавека дарамі Духа Святога і дае моц вызнавання веры ў асабліва цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
Фота Валерыя КАВАЛЁНКА.


