
Семдзесят два гады мiнула з той пары, калi ў лiстападзе 1942 года падчас адной з карных экспедыцый нямецка-фашысцкiх захопнiкаў былi знiшчаны разам з жыхарамі больш дзесяцi вёсак i хутароў Iёдскага сельскага Савета. У страшэнным агнi палалi Куялёўшчына, Трабаўшчына, Журавоўшчына, Свiлы, Строна, Кушталi, Сухаборац. Ахвярамi фашызму ў тыя лiстападаўскiя дні сталi 248 чалавек мiрнага насельнiцтва — жанчыны, дзецi, старыя. Як напамiн аб той людской трагедыi на правым беразе ракi Янка ў аграгарадку Шыцi ў 1976 годзе пабудаваны мемарыял на месцы пахавання загiнуўшых жыхароў знiшчаных вёсак.
31 кастрычнiка каля помнiка прайшоў мiтынг-рэквiем у памяць трагедыi 1942 года. На мерапрыемства прыйшлi жыхары навакольных вёсак, прадстаўнiкi адмiнiстрацыi сельгаспрадпрыемства «Юдыцына», настаўнiкi i вучнi Лонскай дзiцячы сад-пачатковай школы, ветэраны працы.
Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васiлеўскi. Юрый Анатольевiч падкрэслiў важнасць і значнасць падобных мерапрыемстваў, накiраваных на зберажэнне памяцi не толькi пра ратныя подзвiгi нашых дзядоў i прадзедаў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, але i пра мiрнае насельнiцтва, якое аддало сваё жыццё за свабоду на беларускай зямлi. Малебен на месцы пахавання адслужыў настаяцель Свята-Успенскай царквы айцец Васілій Стрыжнёў. Пасля чаго прысутныя ўсклалi кветкi i вянкi да мемарыяла, хвiлiнай маўчання ўшанавалi светлую памяць аб загiнуўшых.
Сярод тых, хто прыйшоў на мiтынг-рэквiем, былi i вiдавочцы трагедыi 1942 года — Ганна Уладзіміраўна Цiтовiч, Iпалiт Iпалiтавiч Касцюкевiч. Са слязьмi на вачах пажылыя людзi расказвалi пра гiбель у агнi сваiх родных, блiзкiх, сваiх сяброў. Успамiналi, як знiшчалiся iх вёскi, якiм наканавана было паўтарыць лёс знакамiтай на ўвесь свет Хатынi.
Працягам мерапрыемства стала лiтаратурна-музычная кампазіцыя “Жывымі гінулі ў агні”, падрыхтаваная ўдзельнiкамі мастацкай самадзейнасці Iёдскага сельскага Дома культуры і вучнямі мясцовай школы. Са сцэны гучалi песнi i вершы аб вайне. Вядучая зачытвала ўспамiны выжыўшых жыхароў знiшчаных гiтлераўскiмi захопнiкамi вёсак.
Зборам інфармацыі пра спаленыя населеныя пункты на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна займаецца былы настаўнік Уладзімір Якаўлевіч Мілянцей, які паведаў шмат цікавых гістарычных фактаў пра трагедыю лістапада 1942 года.
Мiнаюць гады, якiя ўсё больш аддаляюць нас ад часоў вайны. Усё меней застаецца сведкаў той агульнай трагедыi чалавецтва 1941-1945 гадоў. I толькi людской памяцi, непадуладнай часу, наканавана скрозь вякi жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


