Пятра Вацлававіча Пуку мы сустрэлі на тэрыторыі мехдвара аддзялення Наваселле. Механізатар ААТ “Агратэхсэрвіс”, як сапраўдны гаспадар, трактар К-701, на якім працаваў увесь сезон правядзення сельгасработ, пачысціў ад рэшткаў травы і зямлі, памыў адпаведныя вузлы і дэталі. Трэба было замяніць рухавік, які выйшаў са строю. Механізатар яго памыў і здаў у рамонт, а на яго месца паставіў новы, які быў у запасе ў сельгаспрадпрыемстве, затым адрамантаваў каробку перадач, давёў да ладу дыскавыя бароны, на якіх давядзецца апрацоўваць глебу вясной. Цяпер зіму працаўнік будзе адпачываць.
П. В. Пука заслужыў ільготную пенсію, але не развітваецца з гаспадаркай і ў час веснавога прыпару ўжо на працягу 10 гадоў дапамагае гаспадарцы, працуючы на трактары К-701.
Першую сваю баразну на зямлі роднай гаспадаркі Пётр Вацлававіч праклаў на трактары Т-150 у 1973 годзе. Прыгадвае той момант, калі з’явіўся ў гаспадарцы першы трактар такой маркі, новенькі, толькі з канвеера, які блішчэў на сонцы. Механізатары былі ў напружаным чаканні: “Каму ж дастанецца гэта тэхніка?” Кожнаму хацелася папрацаваць на новенькім трактары. І тут старшыня сельгаспрадпрыемства на праўленні ўнёс прапанову, даручыць тэхніку ўжо на той час перадавому маладому механізатару Пятру Пуку. Затым былі два гады службы ў арміі. Вярнуўся ў родную гаспадарку, а на яго трактары працаваў іншы механізатар і Пуку прапанавалі аўтамашыну. Але толькі два гады змог пабыць вадзіцелем, хацелася працаваць бліжэй да зямлі, механізатарская справа больш прыцягвала. І П. В. Пуку выдзелілі менавіта гэты К-701. 24 гады шчыруе механізатар на ім. Розныя работы выконвае на сваім сталёвым кані, які яго ніколі не падводзіць. А ўсё таму, што Пётр Вацлававіч добра ведае тэхніку, своечасова праводзіць рамонт і адказна адносіцца да даручанай справы. Апошнім часам усё больш задзейнічаны на ўзорванні глебы.
А калі наступала ўборка збажыны, то Пётр Вацлававіч садзіўся за штурвал камбайна “Дон-1500”. Кожную ўборачную кампанію камбайнер не проста ўбіраў збажжавыя культуры, а быў у ліку перадавікоў сярод камбайнераў раёна.
— Пачыналі ўборку збажыны, — прыгадвае працаўнік, — калі добра спадзе раса на палетку, за працай не заўважалі, як хутка сонца садзіцца за гарызонт. Хацелася працаваць так, што, каб не было ночы, то спыняўся. 16 гадоў убіраў збажыну, пакуль мой “Дон” не выйшаў са строю і яго спісалі на запчасткі. Больш ужо не прасіўся на камбайн, хай маладыя працуюць. Пакуль ёсць сілы, буду дапамагаць роднай гаспадарцы на сваім Кіраўцы.
Кацярына СОСНА.
