Колькі цудоўных мерапрыемстваў падрыхтавалі для дзяцей спецыялісты раённага Цэнтра культуры ў калядныя і пераднавагоднія дні! Ва ўстанове ладзяцца карнавалы, спектаклі, канцэрты, тэатралізаваныя пастаноўкі, дыскатэкі. Па традыцыі ў перадапошні дзень адыходзячага года ў РЦК прайшоў і ранішнік для дзяцей-сірот, дзяцей з няпоўных, шматдзетных сем’яў і для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам у такія святочныя дні як ніколі патрэбныя ўвага і цеплыня, сардэчная шчырасць і чалавечая любоў.
Работнікі культуры падрыхтавалі святочнае прадстаўленне “Адшукваецца мяшок Дзеда Мароза”. Казачныя героі — Снегавік і Хлапушка — з дапамогай сышчыка рабілі ўсё магчымае, каб адшукаць мяшок з падарункамі для дзяцей, якія сабраліся на ранішнік і чакалі прыемных навагодніх сюрпрызаў ад Дзеда Мароза і Снягурачкі. Урэшце рэшт падарункі былі знойдзены і свята атрымала свой вясёлы працяг.
— Дарагія дзеці, віншую вас з надыходзячым Новым годам і жадаю, каб ён кожнаму прынёс спаўненне ўсіх вашых жаданняў, — з такімі словамі да хлопчыкаў і дзяўчынак звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч. — Расціце здаровымі, моцнымі, разумнымі і абавязкова слухайцеся бацькоў, выхавальнікаў і настаўнікаў.
Затым Мікалай Ірынархавіч уручыў прысутным дзецям салодкія навагоднія падарункі.
Тым часам Дзед Мароз, Снягурачка і іншыя персанажы тэатралізаванай пастаноўкі запрасілі малышоў у карагод каля ёлкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў прыгожых касцюмах казачных герояў, лясных звяркоў весела танчылі вакол святочна ўбранай “зялёнай прыгажуні”, чыталі вершы, спявалі і ўдзельнічалі ў гульнях. Канечне ж, ніхто з іх не застаўся без падарункаў. Дзед Мароз шчодра раздаваў цукеркі, шакаладкі, цацкі, каб малышы змаглі адчуць узнёслую атмасферу казачных навагодніх святаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
