
22 студзеня ў Велікасельскай СШ-ДС прайшло адкрыццё выставы пад назвай «Святло і цені Маякоў», дзе прадстаўлены працы творчай дынастыі сям’і Маяк: Уладзіміра Мікалаевіча і Людмілы Мікалаеўны, іх дзецяй Інэсы Уладзіміраўны Дарашчонак і Артура Уладзіміравіча з дачкой Ксеніяй. Усе разам яны, акрамя маленькай Ксеніі — выпускнікі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава.
— Яны, — кажа дырэктар школы Юрый Часлававіч Матуль, — яркі прыклад трывалай і дружнай творчай сям’і, дзе кожны звязаны адзін з адным не толькі кроўным сваяцтвам, але і агульнай справай, інтарэсамі. Сваю творчасць яны прысвячаюць роднаму раёну, апяваючы яго прыгажосць. Бязмежныя прасторы, ландшафтныя краявіды ў рaботах мастакоў чаргуюцца з ціхімі ўтульнымі куткамі прыроды, дзе чалавеку хочацца схавацца ад шуму гарадскіх вуліц і паўсядзённай мітусні. Натхнёная роднай прыродай творчасць, мяркую, будзе блізкая і зразумелае кожнаму наведвальніку выставы.
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ірына Рычардаўна Рымдзёнак і вучні школы расказалі прысутным пра мастакоў і іх творы.
Старэйшым у творчай дынастыі з’яўляецца Уладзімір Мікалаевіч Маяк. Мастак у сваіх карцінах перадае настрой, характар прыроды, усю яе прыгажосць і разнастайнасць. З ранняга дзяцінства ўважліва вывучаў і шчыра любіў родны край. Гледзячы на яго карціны, хочацца адправіцца ў падарожжа па адлюстраваных на іх мясцінах. Вось ужо больш за 20 гадоў творчасць мастака займае значнае месца ў культурным жыцці Шаркаўшчынскага раёна. Людміла Мікалаеўна Маяк прадставіла на выставу творы дэкаратыўнага жывапісу. Дачка Інэса займаецца роспісам шаўковых тканін. Гэта вельмі цікавая тэхніка, гульня шоўку і фарбаў заўсёды нараджае дзіўныя кампазіцыі. Сын
Артур — разнабакова адораны чалавек — прапанаваў увазе свае графічныя работы. А маленькая “мастачка” Ксюша на сваіх малюнках адлюстравала сваю вялікую дружную сям’ю.
Сяргей Высоцкі






