Свята, сагрэтае любоўю. 14 кастрычніка — Дзень маці

Актуальное

Маці! Які вялікі сэнс жыцця, цэлы сусвет пачуццяў заключаецца ў гэтым слове. Мама — выток усяго: і таго, што было, і таго, што будзе. Гэта яна дорыць нам жыццё, сустракае чалавека ў першыя хвіліны з’яўлення на свет і ідзе з ім скрозь гады.
Мама — першае слова, якое вымаўляем, ледзь пачаўшы ўвасабляць сябе ў акружаючым свеце. Клапатлівая і ласкавая, яна аддае нам сваю любоў, сагравае цяплом і пяшчотай бескарыслівай мацярынскай душы. Яе пачуцці нельга вызначыць, вымераць, бо гэта падарунак з нябёс. Якія б людзі ні сустракаліся на нашым жыццёвым шляху, ніхто і ніколі не будзе любіць нас так, як мама. Яна заўсёды возьме на сябе наш боль, раздзеліць радасць удач. І пакуль яна жыве, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль можам падзяліцца праблемамі і поспехамі, проста ціха прытуліцца да яе пляча — мы адчуваем упэўненасць у жыцці, нябачнае, але такое важнае для кожнага пачуццё абароненасці. Без светлага, сонечнага вобраза маці немагчыма ўявіць сабе ні роднага дома, ні таго куточка, дзе нарадзіліся і выраслі, ні самога існавання на гэтай зямлі. А самае галоўнае, што колькі б нам ні было гадоў, пакуль гарыць у бацькоўскім доме святло сямейнага ачага, які надзейна захоўваюць матуліны рукі і душа — мы застаёмся дзяцьмі. А гэта ні з чым непараўнальнае багацце.
Усю значнасць мацярынскага клопату і спагады ў поўнай меры мы разумеем толькі стаўшы дарослымі, калі бачым маму пастарэлай, сівой, стомленай ад жыццёвых нягод і перажыванняў. У дзяцінстве ж маці ўспрымаецца як нешта звыклае, нязменнае і вечнае. Ёсць матуля, яе ласка, цяпло і пяшчота. Інакш і быць не можа. І толькі з гадамі ўзрастае і мацнее наша любоў да мамы, пачуццё глыбокай удзячнасці ёй і разуменне таго, што яна значыць для нас у жыцці.
А колькі ў маці прафесій! Мама — повар і кулінар, яе катлеты і пірагі самыя смачныя, швачка і вязальшчыца — абновы з яе рук самыя любімыя. Яна — доктар, калі ў доме хтосьці хворы, настаўнік — калі не рашаецца задачка. Мама — псіхолаг, калі здараюцца нелады з сябрамі ці блізкімі і з самім сабой, дызайнер, калі трэба стварыць утульнасць і прыгажосць.
Нашы мамы… Яны ўсе падобныя адной якасцю душы — невымяральнай самаахвярнасцю ў імя сыноў і дачушак, самай бескарыслівай, глыбокай і чыстай любоўю на свеце — любоўю да сваіх дзяцей.
У гэты дзень успомніце сваіх матуль, калі іх ужо няма на свеце, абніміце тых, хто яшчэ побач з вамі, і схіліцеся перад імі ў зямным паклоне за цеплыню і ласку, за кожную слязінку, бяссонныя ночы і безліч трывог, што прайшлі праз іх сэрца. І ціха, пра сябе, папрасіце, каб святло мацярынскай душы доўга-доўга ззяла над вамі, асвятляючы кожнае імгненне жыцця.
Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *