Вечар сустрэчы выпускнікоў у Шаркаўшчынскай СШ №1

Актуальное

IMG_8235Па даўняй традыцыі ў першую суботу лютага ўсе школы гасцінна адчыняюць дзверы для сваіх выпускнікоў, каб кожны з іх мог акунуцца ў атмасферу той бесклапотнай вучнёўскай пары і, сустрэўшыся са сваімі настаўнікамі і аднакласнікамі, разам прыгадаць гады, праведзеныя за школьнай партай.
Вечар сустрэчы школьных сяброў адбыўся 7 лютага і ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1. Асноўная частка мерапрыемства праходзіла ў святочна ўбранай спартыўнай зале. Найбольшая ўвага арганізатараў свята ўдзялялася юбілейным выпускам школы — 1975, 1980, 1985, 1990, 1995, 2000, 2005 і 2010 гадоў. Сярод прысутных былі і выпускнікі мінулага 2014 года — учарашнія вучні, якія сёння ўжо студэнты, дружным гуртом прыйшлі на сваю першую сустрэчу з сябрамі, з настаўнікамі, са школай.
— Школа — гэта, бадай адзінае месца, дзе ўсе мы можам сустрэцца са сваім дзяцінствам і юнацтвам, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных дырэктар і адначасова выпускнік СШ № 1 1977 года Сяргей Рафаілавіч Ганебны. — Мне вельмі прыемна, што такое мноства выпускнікоў прыйшло на сённяшняе свята. Давайце ж разам адправімся ў мінулае і правядзём урок-успамін “Как молоды мы были… Как молоды сейчас”.
Вядучыя са сцэны па чарзе называлі юбілейныя выпускі. Нагадалі імёны і прозвішчы тых настаўнікаў, хто ў розныя гады даў пуцёўку ў дарослае жыццё сваім выпускнікам. Сярод іх класныя кіраўнікі — Тамара Бука, Станіслаў і Зінаіда Таўкіні, Антаніна Іванова, Мікалай Манкевіч, Леанід Сігнаедаў, Ядзвіга Чарвінская, Алена Бурчык, Валянціна Траба, Марыя Баговіч, Соф’я Міхайлава, Сяргей Рабіза, Альдона Палялейка, Васа Салак, Людміла Шаблоўская, Галіна Сікора, Валерый Бука, Алена Шпаковіч, Галіна Качан, Ала Сікора, Ганна Абаровіч, Лілія Касарэўская, Рамуальда Бацвінёнак, Антаніна Зубовіч і іншыя настаўнікі.
Словы шчырай, сардэчнай удзячнасці ўсім педагогам СШ № 1 за іх нялёгкую працу ў справе выхавання дзяцей прагучалі з вуснаў выпускніка школы 1985 года, а зараз старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіча. Кіраўнік раёна таксама ўручыў дырэктару школы С. Р. Ганебнаму падарачны сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару для навучальнай установы.
Арганізатары свята падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму. Гучала мноства песень, выконваліся танцавальныя нумары. Шквал апладысментаў выклікалі выступленні двух саставаў вакальна-інструментальных ансамбляў — вучнёўскага і настаўніцкага. У другім ВІА сам дырэктар школы ўмела і віртуозна акампаніраваў на бас-гітары.
Сумленне чалавека не можа дазволіць сцерці з памяці імёны тых людзей, якія вызначылі яго далейшы лёс, акрэслілі будучую дарогу жыцця. Хвілінай маўчання пад пранізлівыя гукі метранома прысутныя ўшанавалі светлую памяць тых настаўнікаў, каго больш няма побач, але хто назаўсёды застаўся жыць у сэрцах сваіх калег па працы, сённяшніх вучняў і выпускнікоў.
Між тым жыццё працягваецца, як працягваецца і жыццё школы, пішацца дзень за днём яе летапіс. Пра гэта і спявалі разам арганізатары і ўдзельнікі вечара сустрэчы, выконваючы гімн роднай школы.
Напрыканцы, як і заўсёды, выпускнікі прайшлі па школьных калідорах, наведалі класныя пакоі, пагутарылі з педагогамі. Некаторыя скарысталі выдатную магчымасць і пабывалі ў музеі гісторыі СШ № 1, экскурсію ў якім правяла разам з вучнямі настаўнік Марыя Хахолка. З цікавасцю многія разгядалі стэнд, дзе змешчаны фотаздымкі і кароткія біяграфічныя звесткі пра выпускнікоў школы, якія дасягнулі значных вышынь у шматлікіх галінах вытворчасці, навукі і мастацтва, сваімі імёнамі праславілі сярэднюю школу № 1 у нашай краіне і далёка за яе межамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.

IMG_8202 IMG_8203 IMG_8204 IMG_8205 IMG_8206 IMG_8207 IMG_8209 IMG_8210 IMG_8216 IMG_8218 IMG_8223 IMG_8225 IMG_8229 IMG_8231 IMG_8232 IMG_8235 IMG_8238 IMG_8242 IMG_8243 IMG_8247 IMG_8248 IMG_8253 IMG_8254 IMG_8255 IMG_8257 IMG_8260 IMG_8262 IMG_8265 IMG_8271 IMG_8276 IMG_8277 IMG_8281 IMG_8284 IMG_8288 IMG_8291 IMG_8298 IMG_8303 IMG_8305 IMG_8308 IMG_8312 IMG_8314 IMG_8319 IMG_8320 IMG_8321 IMG_8322 IMG_8323 IMG_8324 IMG_8325 IMG_8326 IMG_8327 IMG_8328 IMG_8329 IMG_8336 IMG_8338 IMG_8342 IMG_8343 IMG_8346 IMG_8348 IMG_8349 IMG_8356 IMG_8357 IMG_8368 IMG_8370 IMG_8374 IMG_8375 IMG_8376 IMG_8379 IMG_8387



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *